×

Да даследванняў далучае “Парадокс”

19.03.2020 16:19,

Сучасная сістэма адукацыі адной з галоўных задач называе фарміраванне метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў. Гэту задачу добра вырашае далучэнне дзяцей да даследчай дзейнасці. Заняткі даследваннямі развіваюць пазнавальны інтарэс вучняў, вучаць іх зносінам з аднагодкамі, узбагачае вопыт удзелу ў прэзентацыях і канферэнцыях.

У нашай гімназіі даўно функцыянуе навуковае таварыства вучняў «Парадокс», мэтай якога з'яўляецца ўдасканаленне сістэмы выяўлення, падтрымкі і развіцця творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей, забеспячэнне іх самарэалізацыі.

Навуковае таварыства складаецца з наступных секцый: «НОУшаты» –навучэнцы IV–VI класаў, секцыя натуральна-матэматычных навук, гісторыка-краязнаўчая секцыя, секцыя інфармацыйных тэхналогій, філалагічная секцыя. Стымуляванне цікавасці вучняў да навуковага пошуку, фарміраванне даследчых кампетэнцый з'яўляюцца тэмамі абмеркавання як на пасяджэннях секцый, так і на пасяджэннях прадметных метадычных аб'яднанняў.

Для павышэння эфектыўнасці работы таварыства на працягу навучальнага года праводзяцца групавыя і індывідуальныя кансультацыі для вучняў і настаўнікаў па праблемах даследванняў, па афармленні даследчых работ, падрыхтоўцы дэманстрацыйнага матэрыялу. Ажыццяўляюцца практычныя заняткі па наступных тэмах: «Бібліятэка – твой памочнік», «Праца з навуковай літаратурай», «Афармленне работы даследчага характару», «Складанне і афармленне бібліяграфіі», «Абарона даследчай работы».

У мэтах фарміравання камунікатыўных і сацыяльных кампетэнцый вучняў, арганізуецца псіхалагічнае і сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне арганізацыі індывідуальных заняткаў з навучэнцамі, якія праяўляюць цікавасць да даследчай дзейнасці, бо паспяховы ўдзел у творчых конкурсах шмат у чым залежыць ад псіхалагічнай гатоўнасці удзельнікаў.

У гімназіі створаны спрыяльныя ўмовы для эфектыўнага навучання і развіцця навучэнцаў праз выкарыстанне эфектыўных тэхналогій і методык псіхолага-педагагічнага суправаджэння іх асобаснага развіцця. Працэс падрыхтоўкі вучняў да ўдзелу ў інтэлектуальных і творчых конкурсах, даследчай і праектнай дзейнасці забяспечваецца неабходным лабараторным і тэхнічным абсталяваннем, даведачнай літаратурай.

У мэтах стварэння аптымальных умоў для фарміравання творчай асобы, якая валодае навыкамі самастойнай даследчай працы, развіцця даследчых уменняў вучняў штогод праводзіцца Тыдзень навукі. Да ўдзелу ў тэматычных мерапрыемствах далучаюцца не толькі навучэнцы V–XI класаў, але і вучні пачатковай школы. У рамках акцыі «Старэйшыя – малодшым», навучэнцам I–VI класаў старшакласнікі дэманструюць займальныя вопыты.

Праводзяцца тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны: «100 ідэй для Беларусі», «Дасягненні беларускай навукі». Рабяты з задавальненнем падбіраюць матэрыял для выставы «У свеце цікавага», удзельнічаюць у арганізацыі выставы малюнкаў «Навука вачыма дзяцей». На інфармацыйным табло ўвазе навучэнцаў прадстаўляюцца прэзентацыі па розных вучэбных прадметах. 

З цікавасцю гімназісты ўдзельнічаюць у праглядзе і абмеркаванні навукова-папулярныхфільмаў. Навучэнцам малодшых класаў асабліва падабаюцца пазнавальныя перамены, падчас якіх дэманструецца мультфільм «Фіксікі». Героі мультфільма ў даступнай форме распавядаюць дзецям аб фізічных і хімічных законах.

Для навучэнцаў першай і другой прыступак навучання вучні старэйшых класаў паказваюць займальныя вопыты «Фізіка вакол нас», «Хімія ў побыце», якія тлумачаць розныя фізічныя і хімічныя з'явы. Гэта вельмі садзейнічае абуджэнню цікавасці вучняў да вучэбных прадметаў, а таксама да заняткаў даследчай дзейнасцю.

Дзеці маюць магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці ў псіхалагічных акцыях і гульнях. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца традыцыйныя інтэлектуальныя гульні «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг», «Свая гульня», у якіх прымаюць удзел зборныя каманды навучэнцаў VIII–XI класаў.

Завяршаецца Тыдзень навукі канферэнцыяй па абароне работ даследчага характару. Прадстаўленыя матэрыялы – гэта заўсёды вынік доўгай, карпатлівай працы і цеснага ўзаемадзеяння дзяцей і іх навуковых кіраўнікоў.

Такім чынам, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках Тыдня навукі, спрыяюць стварэнню аптымальных умоў для фарміравання творчай асобы кожнага навучэнца, які валодае навыкамі самастойнай даследчай дзейнасці, развіццю даследчых кампетэнцый навучэнцаў. Адметна, што прыярытэтнымі напрамкамі даследчай дзейнасці нашых навучэнцаў з'яўляюцца беларуская філалогія і гісторыя роднага краю.

Штогод навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах «Зубраня», «Буслік», «Інфамышка», «Буслiк», «Кенгуру», «Лінгвісцёнак», «Каласок» і гульнях-конкурсах «Алімпіёнак», «Белка», «Глабусёнак». Апошнія некалькі гадоў сталі плённымі па выніках удзелу гімназістаў у фестывалі «Фізіканскія львы». Яскравым сведчаннем плённай сумеснай даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў гімназіі з'яўляюцца штогадовыя прызавыя дыпломы на гарадскім, абласным і заключным этапах рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.

Удзел у рабоце навуковага таварыства «Парадокс» пашырае межы творчых і інтэлектуальных здольнасцяў навучэнцаў, узбагачае іх унутранае светаадчуванне і светаўспрыманне, дапамагае вызначыцца з выбарам маральных каштоўнасцяў, і з выбарам прафесіі. Высокія дасягненні вучняў з'яўляюцца прадметам гонару саміх рабят, іх бацькоў і педагогаў.

Наталля КОЙПЫШ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Бабруйска, кіраўнік навуковага таварыства навучэнцаў “Парадокс”.