×

Да патрыятызму праз гульню

25.05.2019 15:03,

— Сёлета мерапрыемства прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у гульні прынялі 20 каманд акцябрат, якія прадстаўлялі розныя раёны вобласці, — расказала старшыня абласнога савета БРПА А.М.Малдаванава.

Па яе словах, кожны атрад прадстаўляў пэўны род войскаў з адпаведнай эмблемай. “Зарнічка” для сучасных школьнікаў стала спаборніцтвам, дзе кожны, гуляючы ў камандзе, мог праявіць асабістыя, індывідуальныя якасці.

Для гэтага арганізатары прадугледзелі для ўдзельнікаў разнастайныя заданні. Прадэманстраваць страявую падрыхтоўку акцябраты маглі падчас аглядаў строю. Свае фізічныя здольнасці, камандны дух і згуртаванасць яны праяўлялі на паласе перашкод. Спраўляючыся з прапанаванымі конкурсамі, навучэнцы на справе даказалі, што атрымаць добры вынік можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсёй каманды. А вось эрудыцыю школьнікі прадэманстравалі падчас пазнавальнага бліц-тэста “Маленькія грамадзяне вялікай краіны”.

— Усе каманды паказалі нядрэнную ступень падрыхтоўкі. Гульня праходзіла дружна і арганізавана. Кожны з удзельнікаў разумеў, што сёння сапраўды адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, — адзначыла А.М.Малдаванава.

Інтрыга, хто стане пераможцам, заставалася на працягу ўсяго мерапрыемства. Вырашыць яе змаглі толькі суддзі, старанна падлічыўшы вынікі ўсіх заданняў. Першае месца заняла каманда сярэдняй школы № 8 Магілёва, другімі сталі прадстаўнікі Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна, а замкнулі тройку лідараў навучэнцы Хімаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна і сярэдняй школы № 1 Горак. Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі.

Гульня “Зарнічка” накіравана на ўдасканаленне форм работы з акцябратамі і далучэнне да дзейнасці арганізацыі праз сістэму “акцябронак — піянер — старшы піянер”. Спаборніцтвы право­дзяцца з мэтай выхавання пачуцця патрыятызму, фізічнага развіцця малодшых членаў піянерскай арганізацыі, фарміравання здаровага ладу жыцця з дапамогай рухомай гульнявой дзейнасці і далучэння да заняткаў ваенна-прыкладнымі відамі спорту.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным саветам БРПА.