×

Да здароўя — праз фізкультуру і спорт

06.07.2019 12:43,

Прымяненне нетрадыцыйных сродкаў аздараўленчай фізічнай культуры ва ўмовах групы прадоўжанага дня дае вялікія магчымасці для павышэння рухальнай актыўнасці навучэнцаў, узроўню функцыянальнага стану, садзейнічае фізічнаму развіццю, працаздольнасці, спрыяе актыўнаму адпачынку.

У верасні мінулага года ў нашай школе стартаваў інавацыйны праект “Укараненне метадычнага забеспячэння правядзення спартыўнай гадзіны ў групе прадоўжанага дня ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі”. Мэта праекта — садзейнічанне фарміраванню фізічнай культуры навучэнцаў І ступені адукацыі шляхам укаранення метадычнага забеспячэння правядзення спартыўнай гадзіны ў групе прадоўжанага дня ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

У інавацыйнай дзейнасці прымалі ўдзел 40 навучэнцаў: 20 навучэнцаў групы прадоўжанага дня 1 “А” класа (выхавальніца Ала Аляксандраўна Рудаўская) і 20 навучэнцаў групы прадоўжанага дня 1 “Б” класа (выхавальніца Алена Венядзіктаўна Акуліч). Група прадоўжанага дня 1 “А” класа з’яўлялася эксперыментальнай, а група прадоўжанага дня 1 “Б” класа — кантрольнай.

Метадычнае суправаджэнне ажыццяўляецца пры падтрымцы кансультантаў інавацыйнага праекта Яўгена Уладзіслававіча Асіпенкі, намесніка дэкана па навуковай рабоце факультэта фізічнай культуры ГДУ імя Францыска Скарыны, настаўніка-метадыста, дацэнта, кандыдата педагагічных навук, і кандыдата педагагічных навук дацэнта Уладзіміра Мікалаевіча Старчанкі.

Згодна з планам рэалізацыі інавацыйнага праекта на 2018/2019 навучальны год, быў праведзены шэраг мерапрыемстваў дыягнастычнага, вучэбна-метадычнага характару, распрацаваны і праведзены вучэбныя заняткі з педагогамі, навучэнцамі. Забяспечана інфармацыйная падтрымка рэалізацыі інавацыйнага праекта. Праведзены прамежкавы аналіз вынікаў, зроблена выснова. Падчас рэалізацыі праекта быў арганізаваны аўтаматызаваны педагагічны кантроль за паказчыкамі ўзроў­ню разумовай працаздольнасці навучэнцаў, заснаваны на выкарыстанні аўтарскай камп’ютарнай праграмы Mental Working Capacity. Педагогі стварылі картатэку рухавых гульняў і практыкаванняў рознай скіраванасці, комплексы дыхальных практыкаванняў для развіцця дыхальных мышцаў удыху і выдыху, што выкарыстоўваюцца для правядзення спартыўных гадзін у групе прадоўжанага дня.

Вынікі рэалізацыі праекта за справаздачны перыяд вызначаліся на аснове крытэрыяў і паказчыкаў эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці. Намі выяўлена, што сістэматычнае комплекснае выкарыстанне падчас заняткаў нетрадыцыйных аздараўленчых сродкаў аказвае станоўчае ўздзеянне на развіццё псіхічных працэсаў, паляпшае самаадчуванне, актыўнасць, настрой і такім чынам павышае ўзровень разумовай працаздольнасці малодшых школьнікаў. Вынікі анкетавання паказалі: у навучэнцаў павысіўся ўзровень матывацыі да заняткаў фізічнай культурай з 69% да 75%.

Трэба адзначыць, што пры рэалізацыі інавацыйнага праекта выхавальнікі ­навучыліся прымяняць камп’ютарную пра­г­раму маніторынгу за ўзроў­­нем сфарміраванасці фізічнай ­куль­туры і фізічным станам навучэнцаў І ступені адукацыі, што дазволіла павысіць яго якасць і сістэмнасць, індывідуалізаваць педагагічную накіраванасць і размеркаванне фізічных нагрузак, кіраваць фізічным станам арганізма навучэнцаў шляхам дыферэнцыраванага ўздзеяння, ацэньваць эфектыўнасць сродкаў і метадаў фізічнага выхавання. Выхавальнікамі — удзельнікамі інавацыйнага праекта за названы перыяд створана
і апрабоўваецца ­дыдактычнае забеспячэнне правядзення спартыўнай гадзіны ў групе прадоўжанага дня, пастаянна папаўняюцца картатэкі канспектаў фізкультурна-аздараўленчых заняткаў з навучэнцамі. Матэрыялы па рэалізацыі інавацыйнага праекта размяшчаюцца на сайце ўстановы адукацыі.

Такім чынам, прамежкавыя вынікі рэалізацыі інавацыйнага праекта сведчаць пра значнасць інавацыйнага вопыту, што фарміруецца, для педагогаў і навучэнцаў як нашай установы адукацыі, так і для іншых устаноў адукацыі рэспублікі ў вырашэнні праблемы метадычнага забеспячэння правядзення спартыўнай га­дзіны ў рэжыме групы прадоўжанага дня.

Таццяна ЛЫБЗІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага.