×

Дабрыні многа не бывае

24.12.2019 12:40,

Тыдзень дабра правялі валанцёры і актывісты сярэдняй школы № 2 Клічава імя Ф.І.Кавалёва.

Як паведаміла ды­рэктар установы Т.В.Бела­баро­дая, дабрачынная акцыя аб’яднала разам навучэнцаў і педагогаў, якія імкнуцца зрабіць свет лепшым і дабрэйшым.
 

— Удзел у акцыі прымалі члены нашай пярвічнай арганізацыі ГА “Белая Русь” і вучні з ліку актывістаў ГА “БРСМ”. Разам яны змаглі зрабіць мноства добрых спраў, — расказала Т.В.Белабародая.

Паводле яе слоў, удзель­нікі акцыі наведалі раённую паліклініку, дзе раздалі дзецям цукеркі. Яшчэ адным пунктам у маршруце актывістаў стаў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. З візітам навучэнцы і педагогі наведваліся таксама ў госці да адзінокіх састарэлых людзей, каб аказаць ім пасільную дапамогу па гаспадарцы. З энтузіязмам валанцёры наводзілі парадак каля гарадскога вадаёма. А яшчэ яны арганізавалі для ўсіх жадаючых чаяванне з прысмакамі ў сценах роднай школы.

Адказам на добрыя справы былі добразычлівыя ўсмешкі навакольных. Акцыя дапамагла дзецям чарговы раз усвядоміць: дабрыні многа не бывае.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.