×

Далучае да фізкультуры і спорту

26.09.2019 11:08,

Штодзённыя ўрокі, спаборніцтвы, трэніроўкі... Кожны працоўны дзень настаўніка фізічнай культуры і здароўя Цялушскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Аляксандра Іванавіча Гацко насычаны падзеямі. Ён і заняткі праводзіць, і рыхтуе вучняў да стартаў, і арганізоўвае спартыўна-масавыя мерапрыемствы ў школе. Адным словам, паспявае ўсюды. А ўсё таму, што любіць сваю прафесію, тую справу, якой займаецца.

Да заняткаў фізкультурай і спортам Аляксандр Іванавіч далучыўся яшчэ ў дзяцінстве, а ўжо ў школьныя гады вызначыўся з прафесіяй. Цвёрда вырашыў: будзе настаўнікам фізкультуры.

— У 70—80-я гады мінулага стагоддзя гульнявая спартыўная дзейнасць была асноўнай часткай правядзення вольнага часу. Мы самі будавалі пляцоўкі для спартыўных гульняў, а затым ладзілі там спаборніцтвы. У мяне фізкультура была адным з самых любімых прадметаў. Напэўна, на гэта паўплываў наш настаўнік Анатоль Аляксандравіч Амега. Ён ураджэнец вёскі Цялуша, усю сваю прафесійную дзей­насць прысвяціў роднай школе і дзецям. Можна сказаць, што Анатоль Аляксандравіч з’яўляецца заснавальнікам спартыўных традыцый у нашай вёсцы. Аўтарытэт настаўніка фізкультуры для мяне быў велізарны. Істотна паўплывала на мой прафесійны выбар таксама класны кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Вадзімаўна Берняковіч, — падзяліўся А.І.Гацко.

Па прыкладзе свайго школьнага настаўніка, які натхніў Аляксандра Іванавіча на педагагічны шлях, у свой час ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, а пасля вярнуўся на малую радзіму выкладаць у роднай школе.

— Тры першыя гады педагагічнай дзейнасці мне пашчасціла працаваць разам з любімым настаўнікам. Анатоль Аляксандравіч аказаў значную падтрымку ў маім прафесійным станаўленні. Яго метадычныя прыёмы, асаблівасці навучання выкарыстоўваю і зараз, — расказаў А.І.Гацко.

Аляксандр Іванавіч імкнецца захапіць фізкультурай і спортам кожнага навучэнца. Менавіта захапіць, зацікавіць, бо, калі прымушаць займацца, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Матывацыю да заняткаў фізкультурай педагог павышае і асабістым прыкладам.

— Каб зацікавіць вучняў спортам, педагог павінен лічыць свой прадмет важным і неабходным для развіцця, паказваць асабісты прыклад. Сучаснаму настаўніку фізкультуры трэба валодаць неабходнымі практычнымі навыкамі і падтрымліваць спартыўную форму, бо навучыць іншых таму, што не можаш сам, складана, а захапіць — зусім немагчыма, — перакананы А.І.Гацко.

На ўрокі да Аляксандра Іванавіча навучэнцы хо­дзяць з задавальненнем. Прагульшчыкаў у яго няма, на занятках пануе дысцыпліна. Дасягнуць паразумення з дзецьмі ўдалося дзякуючы індывідуальнаму падыходу да кожнага.

— Усе дзеці розныя, таму пры планаванні ўрокаў дасканала вывучаю ўзровень фізічнай падрыхтоўкі вучняў, медыцынскія рэкамендацыі. Вельмі важна не нашкодзіць. Выкарыстоўваю розныя методыкі, заданні, зыходзячы з магчымасцей і цікавасці таго ці іншага вучня. Часта прымяняю індывідуальныя практыкаванні і заняткі, стараюся, каб урокі былі сістэмнымі, па­этапна вялі дзяцей да фізічнага самаўдасканалення, — адзначыў А.І.Гацко.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Іванавіч удзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Для дзяцей, якія імкнуцца да высокіх вынікаў у пэўных відах спорту, у школе ствараюць неабходныя ўмовы.

— У нас добрая спартыўная база. І захопленых спортам вучняў мы ўсебакова падтрымліваем, бо разумеем: у сельскай мясцовасці развіць свае фізічныя навыкі яны могуць толькі ў школьнай спартыўнай зале, — падкрэсліў А.І.Гацко.

Усебаковая падтрымка таленавітых дзяцей дае адпаведны вынік. Многія вучні Аляксандра Іванавіча — неаднаразовыя прызёры раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Штогод школьная каманда становіцца пераможцай раённых спаборніцтваў і спартакіяд. Толькі ў мінулым навучальным годзе вучні педагога ў складзе каманды Бабруйскага раёна выбіліся ў пераможцы спаборніцтваў па зімовым і летнім мнагаборстве “Здароўе”, а таксама спаборніцтваў “Абаронца Айчыны” на абласным узроўні. Па зімовым мнагаборстве “Здароўе” ў скла­дзе каманды Магілёўскай вобласці яны ўвайшлі ў лік пераможцаў на рэспубліканскім узроўні. А навучэнка Марыя Юшкевіч стала прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

Работа са здольнымі дзецьмі для Аляксандра Іванавіча важная, але ўсё ж такі галоўнае — прывіць усім навучэнцам любоў да фізкультуры. Таму настаўнік суст­ракаецца з вучнямі ў пазаўрочны час, пастаянна арганізоўвае спартыўна-масавыя мерапрыемствы і спаборніцтвы. Штодзень у спартыўнай зале шматлюдна. Па вечарах сюды прыходзяць займацца фізкультурай мясцовыя жыхары. У асноўным гэта былыя вучні школы, некаторыя з іх ужо пенсіянеры, але яны і зараз захоплены спортам.

За сваю плённую педагагічную дзей­насць А.І.Гацко неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі. І гэта нядзіўна, бо любую справу, за якую бярэцца Аляксандр Іванавіч, стараецца выконваць добрасумленна. Гэтак жа, як і любімы педагог А.А.Амега, які і зараз застаецца для яго прафесійным прыкладам. Для Аляксандра Іванавіча ў педагагічнай працы няма нічога другаснага, усё галоўнае. Такі падыход дапамагае і асабістых вышынь дасягаць, і пастаянна прыводзіць да поспеху сваіх вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.І.ГАЦКО.