×

Далучаем да беларускага з дзяцінства

11.02.2020 12:59,

Сучасная адукацыя Беларусі — білінгвальная. У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі прадугледжана ўключэнне дзвюх моў у працэс выхавання і навучання дзяцей.

Засваенне маленькай асобай нацыянальнай мовы стварае асаблівы псіхалагічны камфорт, захоўвае сувязь з папярэднімі пакаленнямі, спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці. Валоданне рускай мовай пашырае камунікатыўную прастору, садзейнічае далучэнню да сусветнай культуры. Двухмоўе дае дзецям багатую карціну свету, спрыяе развіццю полікультурнасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці малышоў. Такім чынам арганізацыя білінгвальнай адукацыі заклiкана забяспечыць паўнавартаснае развіццё асобы сродкамі дзвюх моў і прадстаўленых імі культур.

Перыяд дашкольнага дзяцінства асабліва важны для маўленчага выхавання асобы. Менавіта ў гэтым узросце закладваецца здольнасць да пазнання ў самарэалізацыі і самаразвіцці. Ідзе пабудова ўнутранага свету з дапамогай актыўнага авалодання маўленчай дзейнасцю. Моўная сітуацыя ў Беларусі прадугледжвае адначасовае засваенне дзвюх моў, што ўскладняе адукацыйны працэс у дашкольных установах. Дасягненні замежнай і айчыннай білінгвалогіі паказалі важнасць педагагічна дакладнай, дэталёва прадуманай арганізацыі адукацыйнага працэсу, які ўплывае не толькі на эфектыўнасць авалодання дзвюма моўнымі сістэмамі, але і на фарміраванне асобы ў цэлым.

У нашай дашкольнай установе ў бягучым навучальным годзе адной з гадавых задач мы выбралі развіццё фізічных якасцей з дапамогай беларускіх народных гульняў, бо менавіта гульня з’яўляецца асноўным відам дзіцячай дзейнасці ў дашкольным узросце. 

У рамках гадавога планавання прайшоў Тыдзень беларускай мовы. У ім удзельнічалі ўсе ўзроставыя групы, педагогі, работнікі дзіцячага сада. Тыдзень атрымаўся вельмі змястоўным: тэматычныя заняткі, чытанне твораў беларускай мастацкай літаратуры, музычныя забавы, фізкультурнае свята і вольны час з беларускімі народнымі рухавымі гульнямі.

Сумесна з бацькамі выхаванцы першай малодшай групы стварылі калектыўны творчы выраб з прыроднага матэрыялу на тэму “Беларуская вёска”, а затым выхавальнікі групы выпусцілі насценгазету. З мэтай абмену вопытам усе выхавальнікі старшых груп правялі адкрытыя заняткі на беларускай мове, а таксама кансультацыі для бацькоў. Выхавальнік другой малодшай групы № 1 В.М.Вячора правяла майстар-клас па вырабе лялек дзед Лявон і бабуля Лявоніха ў нацыянальным стылі.
Тыдзень беларускай мовы ў нашай дашкольнай установе — традыцыя. Ведаць родную мову гэтак жа важна, як і быць патрыётам краіны і дастойным яе грамадзянінам. Родная мова — гэта і гісторыя Беларусі, і народныя абрады, і фальклор. Такія мерапрыемствы даюць дзецям магчымасць асэнсаваць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі і яе культуры.

Ала ЗВАНАРОВА, 
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Чавус.