×

Далучаем да вытокаў

12.10.2019 14:37,

Захапленне гісторыяй роднай краіны, любоў і павагу трэба выхоўваць з дзяцінства. Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. З мэтай паглыблення ведаў пра Беларусь і папулярызацыі роднай мовы кожны чацвер мы заклікаем выхавальнікаў, дзетак і бацькоў размаўляць па-беларуску. Для яшчэ больш плённай працы па патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту ў нашай установе адукацыі створаны музейны пакой “Беларуская хатка”, які дапамагае выхоўваць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага Беларусі.

Экспанаты музея збіралі разам дзеці, бацькі і педагогі. Гэта былі розныя рэчы: збанкі для ежы, калаўрот, прас, сельскагаспадарчыя прылады для працы. Міні-музей “Беларуская хатка” пастаянна папаўняецца.

Зыходзячы з таго, што магутным сродкам уздзеяння для дзяцей з’яўляюцца пэўныя прыклады і нагляднасць, экспанаты этнаграфічнага музея выкарыстоўваюцца на занятках па выяўленчым мастацтве, пры азнаямленні з традыцыямі і звычаямі беларускага народа, з культурай і побытам беларускага сялянства. Выхаванцам на беларускай мове расказваюць аб музейным пакоі, знаёмяць з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх выкарыстаннем у сялянскай хаце.

Весела, цікава, забаўляльна і ў той жа час пазнавальна праходзяць у музейным пакоі розныя мерапрыемствы, абрадавыя святы Калядкі, Масленіца, Гуканне вясны, Купалле.

Знаёмства з беларускай хаткай пачынаецца пад песню “Спадчына”. Усё ў хаце беларусаў мела сімвалічнае значэнне. Нават парог — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог лічыўся ў наро­дзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, багацце, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з даўніх часоў. Найбольш вядомыя з іх — сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: “Прысядзем на дарожку”. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў, якія быццам дапамагалі ў дарозе”.

Пасля выхаванцам загадваюць загадкі і дэманструюць печ, якая ў любой сялянскай хаце заўсёды займала пачэснае месца: “Яна абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Да печы адносіліся, як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць у яе прысутнасці грубыя або непрыстойныя словы. Печ і падпечак — месца знаходжання добрага духа, дамавіка, галоўны абавязак і клопат якога — сачыць за тым, каб сям’я добра жыла.

Насупраць печы, каля ўвахода, размяшчаецца гаспадарчы кут, усё тое, што трэба было жанчыне ў гаспадарцы. Там стаіць кадушка для вады, драўляныя вёдры, даёнкі, апялушкі, сальніца, маслабойка.

Самае пачэснае месца ў беларускай хатцы займае чырвоны кут, або покуць. “Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Калі прыходзіла свята — Каляды ці Вялікдзень, на покуці першы сядзеў гаспадар хаты, а злева ад яго — астатнія сямейныя. І не абы-як, уперамешку, а па старшынстве. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў і прадзедаў, частаваліся”.

На покуці ў беларускай хатцы — засланы абрусам стол. Ён лічыўся амаль свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам. Пасля выхаванцы знаёмяцца з ганчарным кругам і прадуктамі працы ганчара. І, нарэшце, самае цікавае — беларускія цацкі. Беларускія цацкі вырабляліся з самых простых і даступных матэрыялаў — гліны, дрэва, саломы, тканіны, а таксама выпякаліся з цеста. З гліны выраблялі цацкі-свістулькі ў выглядзе коней, птушак, лялек. Драўляныя цацкі былі вельмі разнастайныя. Над калыскай падвешвалі фігурку птушкі. Вельмі распаўсюджанымі былі каталкі. Вялікай папулярнасцю карысталіся цацкі з рухам. Старадаўнімі з’яўляюцца саламяныя цацкі. З саломы пераважна рабілі лялек, птушачак, павукоў. З абрэзкаў тканіны маці шыла для дзяўчынкі лялек”. У кутку можна ўбачыць саматканыя абрусы, вышытыя ручнікі з бабулінага куфэрка, гліняны посуд, драўляныя рэчы, лапці, якія раней служылі людзям. 

Пры наведванні “Беларускай хаткі” ўразіў нашых выхаванцаў расказ аб этапах апрацоўкі лёну з выкарыстаннем спецыяльных прыстасаванняў. Таксама яны атрымалі шмат карыснай і цікавай інфармацыі на гульні-віктарыне “Хто больш ведае прыказак на роднай мове”, вечары загадак “Сакрэты чараўніцы мовы”, падчас моўнага практыкавання “Не шкадуйце шчырых слоў”.

З мэтай выхавання пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі мы распрацавалі цыкл экскурсій, зместам якіх сталі беларускія традыцыі і звычаі, узаемадзеянне чалавека з прыродай, адлюстраванне жыцця беларусаў у працы і побыце. Былі распрацаваны кансультацыі для дарослых, мэта якіх — разам зацікавіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову і звычаі.

На працягу навучальнага года нашы выхаванцы сталі ўдзель­нікамі старажытнага абраду ўшанавання ўраджаю “Багач”. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. Дзеці спявалі песні, танцавалі “Лявоніху”, танцы “Земляныя яблыкі” і “Хлеб ды соль”, гулялі ў гульні “Рэдзька” і “Збяры бульбу”. Выхаванцы атрымалі задавальненне і шмат пазітыўных эмоцый.

Кожная экскурсія прайшла не дарма, кожны ўзяў ад яе для сябе нешта карыснае, цікавае і пазнавальнае. Але самае галоўнае, што ў садку гучыць жывое беларускае слова. Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету адкрываюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную культуру, мову, літаратуру.

Менавіта для таго, каб мы і нашы нашчадкі ведалі гісторыю нашай маленькай радзімы, і створаны гэты музей. Інтэр’ер, прадметы побыту мінуўшчыны — экспанаты музейнага пакоя — дапамагаюць дзецям зразумець мову гэтых рэчаў, усвядоміць іх культурнае значэнне.

Святлана БАБЦОВА,
выхавальніца ясляў-сада № 32 Магілёва.