×

Дапамагаем зрабіць выбар

14.12.2019 11:42,

У кожнага ў дзяцінстве пыталіся, кім ён хоча стаць. Тут дзіцячай фантазіі, як правіла, няма меж: міліцыянер, вадзіцель, урач і нават прэзідэнт. Але хіба можа дзіця ўявіць, якая велізарная колькасць прафесій існуе ў свеце? І тут важна дапамагчы яму ў гэтай разнастайнасці разабрацца, дапамагчы зрабіць правільны выбар.

Такую дапамогу сваім выхаванцам аказвае Алена Віктараўна Мяфодзенка-Байцун, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра турызму, экскурсій і краязнаўства “Крыніца” Магілёва. На занятках аб’яднання па інтарэсах “Географы-краязнаўцы” ў рамках аўтарскай адукацыйнай праграмы важнае месца яна адводзіць знаёмству з прад­прыемствамі і ўстановамі Магілёва.

На занятках аб’яднання хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць шырокія тэарэтычныя веды па гісторыі і геаграфіі роднага краю, право­дзяць лабараторныя доследы, выконваюць творчыя практычныя заданні. Адно з ключавых месцаў у адукацыйным працэсе займаюць экскурсіі рознай накіраванасці. Навучэнцы ўдзельнічаюць у іх з вялікай цікавасцю, бо далёка не кожнаму ўдаецца пабываць у самым сэрцы буйных беларускіх вытворчасцей, даведацца, як ствараюцца простыя, на першы погляд, рэчы. Такія выхады за межы школьнай аўдыторыі пашыраюць кругагляд, дазваляюць зірнуць на штодзённае з пазіцыі прафесіянала.

Юныя географы-краязнаўцы наведалі Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава, ААТ “Бабушкина крынка”, малочнатаварны комплекс фірмы “Кадзіна”, завод “Чырвоны металіст”, ААТ “Домочай”, азнаёміліся з работай гідраметэастанцыі, галоўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёна, пабывалі з экскурсіямі ў магілёўскіх універсітэтах. Гэты экскурсійны цыкл Алена Віктараўна разам са сваімі выхаванцамі здзей­сніла толькі за адзін навучальны год.

У 2019/2020 навучальным годзе юныя географы-краязнаўцы таксама працягваюць вывучаць прадпрыемствы і ўстановы горада. Навучэнцы змаглі пабываць у дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці, дакрануцца да ўнікальных дакументаў, даведацца пра прынцып работы гэтай установы.

Задача педагога — не проста надзяліць вучня ведамі, неабходна навучыць дзіця арыентавацца ў складаным сучасным свеце, паказаць яго разнастайнасць. Важна дапамагчы юнаму грамадзяніну зрабіць адзін з самых складаных выбараў у сваім жыцці — выбар прафесіі, справы ўсяго жыцця. Прафесій вельмі шмат, і далёка не ўсе з іх уваходзяць у лік так званых прэстыжных, але абсалютна дакладна з’яўляюцца вельмі патрэбнымі для горада і краіны ў цэлым. Прыносіць карысць куды важней, чым проста зарабляць грошы.

Кацярына СЫСОЕВА,
педагог-арганізатар Цэнтра турызму, экскурсій і краязнаўства “Крыніца” Магілёва.