×

Дапамаглі сабрацца ў школу

12.09.2019 11:51,

Моладзь Магілёўшчыны актыўна адгукнулася на дабрачынную акцыю “У школу з добрым сэрцам”, якая ўжо традыцыйна рэалізуецца напярэдадні новага навучальнага года БРСМ. Яе задача — аказаць адрасную сацыяльную падтрымку ў падрыхтоўцы да школы сем’ям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і перажываюць цяжкасці, а таксама дзiцячым iнтэрнатным установам.

У апошні дзень лета такая дапамога была аказана школьнікам з мнага­дзетнай сям’і Шурпіных з Магілёва і выхаванцам Магілёўскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Маладыя валанцёры на чале з першым сакратаром ЦК БРСМ Дзмітрыем Варанюком уручылі дзецям падарункі да школы. Таксама для дзяцей правялі забаўляльную гульнявую праграму.

Увогуле, на працягу апошняга летняга месяца збор канцылярскіх тавараў і школьных прылад быў арганізаваны маладымі людзьмі ва ўсіх раёнах вобласці. Сумесна неабыякавыя грамадзяне змаг­лі сабраць нямала сапраўды патрэбных у вучэбным працэсе рэчаў. Падарункі да школы атрымалі каля 700 дзяцей з розных куткоў Магілёўшчыны. Значная падтрымка была таксама аказана навучэнцам Раснянскай дапаможнай школы-інтэрната і выхаванцам Дрыбінскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным камітэтам БРСМ.