×

Дашкольная адукацыя — якасна і даступна

11.04.2019 15:30,

Станоўчая дынаміка развіцця дашкольнай адукацыі назіраецца на Магілёўшчыне. Дзейнасць дашкольных устаноў нацэлена на даступнасць ­і мабільнасць у прадастаўленні адукацыйных і аздараўленчых паслуг, своечасовую карэкцыйна-педагагічную дапамогу.

Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Людміла Багноў­ская, зараз у рэгіёне функцыянуе 481 да­школьная ўстанова з агульным ахопам вы­хаванцаў звыш 45 тысяч дзяцей.

— У адпаведнасці з запытамі бацькоў забяспечваецца варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаванага на індывідуальнасць і патрэбы дзяцей. Прыняты меры па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі. Ва ўсіх раёнах функцыя­нуюць групы з кароткачасовым знаходжаннем выхаванцаў — матчыны школы, адаптацыйныя, прагулачныя. Колькасць такіх груп расце з кожным годам, — расказала Людміла Анатольеўна.

Сёння па рэгіёне амаль адсутнічае праблема забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садках. З мэтай прадухілення дэфіцыту месцаў і неадкладнага ўладкавання дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстановы па месцы пражывання бацькоў праводзіцца адпаведная работа. Адзін з яе істотных вынікаў у мінулым годзе — рэканструяванне будынка пачатковай школы № 3 Крычава і размяшчэнне там ясляў-сада на 135 месцаў.

Назіраецца ў дашкольнай адукацыі і развіццё інклюзіўных ідэй. У рэгіёне функцыянуюць дзве ­спецыяльныя дашкольныя ўстановы, у шматлікіх дзі­цячых садках дзейнічаюць спецыяль­ныя і інтэграваныя групы, карэкцыйна-педагагічныя пункты, што вельмі спрыяе паўнавартаснай сацыялізацыі асаблівых дзетак у грамадства.

Негледзячы на агульную станоўчую дынаміку, працаваць пакуль ёсць над чым. Так, летась ва ўстановах дашкольнай адукацыі істотна павысіўся паказчык колькасці дзён, прапушчаных адным выхаванцам па хваробе. Шукаць прычыны і прымаць меры па выпраўленні сітуацыі будуць праз міжведамаснае ўзаемадзеянне з установамі аховы здароўя.

Наогул, у сістэме дашкольнай адукацыі вобласці і ў далейшым будуць нацэлены на ­якасць і даступнасць. Педагагічныя калектывы будуць працаваць над укараненнем новых форм работы, стварэннем бяспечных умоў жыццядзейнасці выхаванцаў, развіццём здольнасцей дзяцей — адным словам, паўнавартасна выконваць сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю.

На здымках: заняткі аб’яднання “Матчына школа” ў яслях-садзе № 45 Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.