×

Даследаванні пачынаюцца за ліцэйскай партай

06.03.2020 12:10,

Па традыцыі ў першыя дні вясны завяршаецца рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя навучэнцаў) па вучэбных прадметах. Сёлета навучэнцы нашага ліцэя прымалі ўдзел у працы 3 секцый: па фізіцы, беларускай мове, гісторыі.

На заключны этап конкурсу былі прадстаўлены работы Рамана Карабейнікава (“Круцільны вісказіметр”), Паліны Марчанкі (“Тапонімы ў паэзіі А.Куляшова”), Дзяніса Кончыка,  Аляксея Казлова (экскурсійны маршрут “Дарогамі невядомай вайны”).

Раман Карабейнікаў разам з навуковымі кіраўнікамі Сяргеем Вячаслававічам Шыбекам вылучылі гіпотэзу аб тым, што паверхня вадкасці, змешчанай у ёмкасць, якая круціцца, будзе мяняць форму. Форма гэтай паверхні і хуткасць яе ўстанаўлення будуць залежаць ад частаты кручэння ёмістасці і параметраў вадкасці. Для даследавання быў сканструяваны адмысловы прыбор — вісказіметр. Яго стваральнік Раман Карабейнікаў адзначае шэраг пераваг свайго прыбора перад існуючымі: высокая хуткасць вымярэнняў, магчымасць вывучыць уласцівасці раствораў нават з цвёрдымі прымесямі. Бачыць юны фізік і далейшыя шляхі ўдасканалення канструкцыі: больш магутны рухавік дазволіць пашырыць дыяпазон вымярэнняў, а зборка ўстаноўкі ў вытворчых умовах паменшыла б хібнасць вымярэнняў. На канферэнцыі Раман атрымаў дыплом ІІІ ступені.

Дыплома ІІІ ступені ўдастоена і праца Паліны Марчанка “Тапонімы ў паэзіі А. Куляшова”. Паліна прызналася: “Не дзіўна, што ў Год малой радзімы мы разам з навуковым кіраўніком настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Таццянай Мікалаеўнай Шэршневай звярнуліся да творчасці нашага земляка. У вершах, паэмах А. Куляшова знайшлі 212 тапонімаў-назваў рэк, дарог, гарадоў. Праца дазволіла зазірнуць у творчую лабараторыю народнага паэта, узбагаціла новымі ведамі, дапамагла спасцігнуць глыбіню яго філасофскага свету”.

А Дзяніса Кончыка і Аляксея Казлова да даследавання падштурхнуў інтэрнэт-мост, які летась звязаў ліцэістаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 5 Смаргоні. Ён быў прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны на беларускіх землях. Магілёўскія школьнікі даведаліся пра трагічны лёс Смаргоні, якая вытрымала 810-дзённую асаду, распавялі смаргонскім аднагодкам пра значэнне Магілёва, які стаў у гады вайны ў сувязі з пераносам Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага неафіцыйнай сталіцай Расійскай імперыі. Пасля інтэрнэт-моста нарадзілася ідэя: звязаць Магілёў, Смаргонь, Баранавічы, Брэст і яшчэ 15 аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі ў турыстычны маршрут, прысвечаны Першай сусветнай вайне.

Дзяніс адзначае: “На канферэнцыі я ўбачыў, што гэтая тэма зацікавіла не толькі нас. Вучні з Баранавіч, дзе размяшчалася Стаўка да лета 1915 года і праз якія на працягу двух гадоў праходзіла лінія фронту, больш дэталёва вывучылі, сфатаграфавалі, нанеслі на гугл-карту аб’екты вайны: умацаванні, доты, дзоты, размешчаныя ў Столінскім раёне. Шчыра рады, што іх праца была адзначана дыпломам І ступені. Мы ў гэты раз засталіся без узнагароды, але ўжо па дарозе дадому абмяркоўвалі з навуковым кіраўніцтвам, намеснікам дырэктара ліцэя Вольгай Уладзіміраўнай Даніленка магчымыя тэмы для будучага даследавання. Штуршок далі зносіны з іншымі ўдзельнікамі конкурсу і тое, што мы пачулі”.

Штогод у красавіку ў ліцэі праходзіць канферэнцыя навуковага таварыства, дзе юныя даследчыкі прадстаўляюць свае працы. Канферэнцыя адкрыта не толькі для ліцэістаў, але і для вучняў школ горада Магілёва і Магілёўскай вобласці. Прымаюць у ёй удзел і студэнты магілёўскіх ВНУ. Па традыцыі на пленарным пасяджэнні выступаюць выпускнікі ліцэя, якія сталі кандыдатамі навук. Такіх больш за 20. Так што перад цяперашнім пакаленнем ліцэістаў — наглядны ўзор таго, як можна навуку зрабіць справай свайго жыцця.

Вольга ДАНІЛЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага абласнога ліцэя № 3
.