×

Даследуюць малую радзіму

13.08.2019 11:50,

Крычаўскія школьнікі праводзяць лета, актыўна даследуючы сваю малую радзіму. Педагогі дадатковай адукацыі раённага Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі прапануюць навучэнцам цікавыя паходы-экспедыцыі.

— Мы пастаянна матывуем нашых навучэнцаў на даследаванне роднага краю. Сёлета ў нас была арганізавана работа профільнага палатачнага летніка з кругласутачным знаходжаннем “Рабінзоны”. Ён быў разлічаны на дзяцей з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным станові­шчы, і тых, з кім право­дзіцца індывідуальна-прафілактычная работа. За дзве змены ў летніку аздаравіліся 40 хлопцаў і дзяўчат. Дзеці, якія адпачывалі ў лагеры ў першую змену, прайшлі па спецыяльна распрацаваным пешаходным маршруце “Крычаў — Пустынкі — Мсціслаў — Парадзіна — Падлужжа — Сялец — Крычаў”. Другая змена рухалася маршрутам “Крычаў — Чэрыкаў — Крычаў”. Важна, што для захавання бяспекі навучэнцаў мы арганізавалі для іх міжведамасныя тлумачальныя мерапрыемствы з прадстаўні­камі ДАІ, ІСН, РАУС, РАНС і іншых ведамстваў. Выхаваўчая каштоў­насць такога летняга адпачынку складалася ў задавальненні патрэб дзяцей у навізне ўражанняў, пашырэнні сацыяльных кантактаў, выхаванні ў вучняў маральных і валявых якасцей, патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага малой ра­дзімы. Праз разнастайныя мерапрыем­ствы і пастаяннае жыццё ў палявых умовах навучэнцы адтачылі свае турысцкія ўменні, навучыліся быць больш самастойнымі, — паведаміла дырэктар раённага Цэнтра турызму, края­знаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Н.В.Студнева.

Паводле яе слоў, новай формай турыстычна-краязнаўчай работы стала экспедыцыя. Яны праводзіліся з мэтай апрабацыі новага турыстычнага маршруту для навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра. Хлопцы і дзяўчаты выязджалі ў пэўную мясцовасць і даследавалі прыродныя, культурныя, а таксама гістарычныя аб’екты.

— Гэтым летам былі арганізаваны экспедыцыі па маршрутах “Крычаў — Бель — Антонаўка — Крычаў” і “Крычаў — Дзягавічы — Крычаў”. ­Удзельнікамі паходаў сталі 10 навучэнцаў. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі В.А.Яўменавай дзеці дасканала вывучалі гісторыка-культурныя і прыродныя каштоўнасці роднага краю. Асаблівую ўвагу яны ўдзялялі вывучэнню ваеннай гісторыі раёна, збору інфармацыі аб знішчаных фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёсках Антонаўка і Шаеўка, — расказала Н.В.Студнева.

За дні экспедыцый падлеткі пераадолелі 80 км шляху. З іх больш
27 км — менавіта сваім ходам. Падчас падарожжаў яны не толькі сабралі шмат новай краязнаўчай інфармацыі, вывучылі фальклор мясцовасці, але і ўдасканалілі свае турысцкія навыкі. А яшчэ ўсе дзеці цудоўна адпачылі.

Адметна, што краязнаўчыя матэрыялы, назапашаныя ў ходзе пошукава-даследчай работы экспедыцый, будуць выкарыстоўвацца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі раёна. Яны лягуць у аснову краязнаўчых куткоў і тэматычных экспазіцый школьных му­зеяў.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Крычаўскім раённым цэнтрам турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі.