×

Дасягненні — нагода для руху наперад

27.08.2019 11:53,

Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж добра вядомы ў рэгіёне. Установа — у лідарах па многіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці.

— Сёння наш каледж — гэта шматпрофільная ўстанова новага тыпу. Адукацыя арганізавана на ўзроўні ПТА і ССА. Са сцен каледжа выходзяць кваліфікаваныя праграмісты, зваршчыкі, мехатронікі, электраманцёры, маркетолагі, спецыялісты машынабудаўнічай вытворчасці. Штогод мы выпускаем звыш 250 спецыялістаў, якія размяркоўваюцца на горадаўтваральныя прадпрыемствы вобласці ААТ “Магілёўхімвалакно”, ААТ “Магілёўліфтмаш”, завод “Магілёўтрансмаш” і іншыя, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Т.М.Кубліцкая.

Сучасная прафесійная адукацыя павінна рыхтаваць спецыялістаў, здольных максімальна эфектыўна выкарыстоўваць свой патэнцыял у атрыманні новых ведаў, дакладна прымяняць іх у практычнай дзейнасці. І ў гэтым плане політэхнічны каледж ідзе ў нагу з часам. Тут пастаянна ўкараняюць найноўшыя адукацыйныя тэхналогіі ў навучанне, манітораць рынак працы. Так, у 2019 годзе адкрылася новая спецыяльнасць “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”.

Зараз у каледжы працуюць больш за 100 педагогаў і майстроў вытворчага навучання. У сваёй дзейнасці ўпор яны робяць не толькі на прывіццё навучэнцам практычных прафесійных навыкаў, але і на раскрыццё іх талентаў, здольнасцей. Ва ўстанове дзейнічаюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі рознай накіраванасці. Гэта дае магчымасць кожнаму вучню выбраць занятак па душы, рэалізаваць сябе ў тым, што падабаецца. Пастаянна праводзяцца тут і мерапрыемствы, якія развіваюць у моладзі культуру, маральнасць, патрыятызм, імкненне да здаровага ладу жыцця.

Аб эфектыўнасці выхаваўчай работы мясцовага педагагічнага калектыву лепш за ўсё гавораць дасягненні навучэнцаў. Яны пастаянныя прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, такіх як “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты XXI стагоддзя”, “Злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў”, “АРТ-вакацыі” і іншых. Асаблівых поспехаў мясцовыя навучэнцы дасягаюць у спорце. Па выніках мінулага навучальнага года прадстаўнікі ўстановы сталі пераможцамі абласной круглагадовай спартакіяды сярод устаноў ССА. Акрамя таго, штогод навучэнцы каледжа становяцца лідарамі аналагічнай рэспубліканскай спартакіяды, такіх спартыўных спаборніцтваў, як мнагаборства “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”, “ТэхнаСпорт”.

— Наша ўстанова прымае актыўны ўдзе­л у чэмпіянаце WorldSkills Belarus. І тут таксама ёсць высокія вынікі. На Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 навучэнец Андрэй Юрэвіч, падрыхтаваны выкладчыкам Л.Я.Літвінавай, быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені, — адзначыла Т.М.Кубліцкая.

Добрасумленная работа педагогаў і майстроў вытворчага навучання палітэха таксама не застаецца без увагі. Большасць педагагічных работнікаў каледжа ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад, асобныя майстры і выкладчыкі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, лаўрэатамі конкурсу “Лепшы па прафесіі”. Апошнія два гады майстры вытворчага навучання — у лідарах Абласнога конкурсу “Майстар года”. У 2017 годзе майстар А.Г.Гулінскі быў прызнаны на гэтым спаборніцтве лепшым, у 2018 годзе майстар В.А.Бычкоў заняў 2-е месца.

У політэхнічным каледжы плённа працуюць практычна па ўсіх напрамках. Як вынік — навучальная ўстанова пяты год запар становіцца пераможцай працоўнага спаборніцтва сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. За гэтае дасягненне ўстанова ўзнагароджана дыпломам Магілёўскага аблвыканкама.

Сёння педагагічны калектыў каледжа можа ганарыцца сваёй эфектыўнай дзейнасцю. Але ў гэтай навучальнай установе не прывыклі сядзець на месцы. Усе педагогі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, самаразвіцці. Тут запэўніваюць: рэзервы для ўдасканалення працы ёсць, таму будуць імкнуцца зрабіць прафесійнае навучанне моладзі яшчэ больш якасным.  

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.