×

Для выхавання патрыётаў

15.10.2019 11:49,

Без любові да Радзімы немагчыма пабудаваць моцную Беларусь. Без павагі да ўласнай гісторыі, да спраў і традыцый старэйшага пакалення нельга вырасціць сапраўдных грамадзян. У гэтым годзе наша дашкольная ўстанова рэалізавала рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. У праекце прымалі ўдзел восем педагогаў, каля 100 выхаванцаў і іх бацькі.

Тры гады праляцелі вельмі хутка. Педагогамі рэалізаваны адукацыйныя і даследчыя праекты: “Мая малая радзіма”, “Родны свой край любі і ведай”, “Беларускія народныя гульні нашых бабуль і дзядуляў”, “Круглае — мой родны горад”, “Паклонімся вялікім тым гадам...”, “Мая сям’я” і інш. Разам з традыцыйнымі рэгулярна праводзіліся віртуальныя экскурсіі “Мой горад”, “Памятныя месцы”, “Беларусь — імя Радзімы маёй”, арганізоўваюцца музейна-педагагічныя заняткі, майстар-класы, сацыяльныя акцыі “Дзеці — дзецям”, “Зямны паклон вам, ветэраны”, “Зробім наш горад больш прыгожым”, буккросінг.

Падчас рэалізацыі праекта мы пастаянна звярталіся да спадчыны Кругляншчыны, бо ў нашага раёна ёсць свая гісторыя, традыцыі, людзі, якія не павінны быць забытымі, свае памятныя месцы. Педагогамі-наватарамі падчас правядзення даследчай дзейнасці распрацаваны сучасныя медыярэсурсы, якія ўключаюць электронныя мультымедыйныя прэзентацыі і відэаматэрыялы, дыдактычныя гульні і лэпбукі, тэматычныя альбомы і фотаальбомы, картатэкі і творчыя зборнікі.

Праца ў гэтым напрамку вядзецца пры цесным узаемадзеянні з соцыумам і законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў. Пастаянна ў дашкольнай установе арганізоўваюцца выставы сумеснай творчасці, фотавыставы, конкурсы. Бацькі афармляюць партфоліа, прэзентуюць гербы сваёй сям’і, актыўна ўдзельнічаюць разам з педагогамі ў сацыяльных акцыях “Марафон дабра”, “Рабі дабро” і інш.

Галоўным вынікам рэалізацыі інавацыйнага праекта стаў рэгіянальны віртуальны музей, які змяшчае распрацоўкі і даследаванні педагогаў. Акрамя таго, у фае нашай установы аформлены мабільны куток “Мая малая радзіма. Сімвалы Беларусі”, у групах створаны куткі сімволікі і цэнтры краязнаўства, міні-музеі. Адзін з іх — “Музей у куфэрачку” — быў прадстаўлены на Рэспубліканскім фестывалі інавацыйнага педагагічнага вопыту “Інавацыі як стратэгія самаразвіцця”.

У планах педагогаў нашай дашкольнай установы яшчэ шмат задумак і ідэй. З верасня бягучага года мы з’яўляемся ўдзельнікамі новага інавацыйнага праекта “Укараненне ма­дэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. А гэта значыць, мы будзем працягваць ствараць умовы для фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб сваёй вялікай і малой радзіме, гісторыка-культурных і мастацка-эстэтычных каштоўнасцях беларускага народа.

Наталля ГОБАРАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 7 Круглага.