×

Добраўпарадкаванню — асаблівая ўвага

15.10.2019 11:44,

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны самую пільную ўвагу ўдзяляюць добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі. Да акультурвання двароў у навучальных установах па ўсім рэгіёне ставяцца творча, праяўляючы комплексны падыход да афармлення. Пацвярджэннем таму стаў адпаведны абласны конкурс па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.


Творча аформленая тэрыторыя вакол Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёна.

— Удзел у конкурсе прынялі 59 навучальных устаноў. Яны прадстаўлялі творчыя справаздачы аб праведзенай рабоце ў чатырох намінацыях. Кожны педагагічны калектыў здолеў аформіць свой двор непаўторна. Усе прэзентацыі па добраўпарадкаванні адрозніваліся арыгінальнасцю, наяўнасцю разнастайных кветнікаў і малых архітэктурных форм, крэатыўнасцю спосабаў азелянення тэрыторыі, сучаснымі прыёмамі ландшафтнага дызайну, — паведаміла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Па выніках конкурсу найбольш творча да добраўпарадкавання сваёй тэрыторыі падышлі ў Аўсянкаўскай сярэдняй школе Горацкага раёна, Асіповіцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Абласным цэнтры творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам экалагічнага выхавання Абласнога цэнтра творчасці.