×

Дом шчаслівага дзяцінства

30.01.2020 11:49,

Шчаслівае дзяцінства павінна быць у кожнага дзіцяці. Гэта галоўны прынцып, згодна з якім ужо 30 гадоў функцыянуе дзіцячы дом сямейнага тыпу Рыты Уладзіміраўны і Сяргея Аляксеевіча Кундзікавых.

Тры дзесяцігоддзі ў вялікім доме Кундзікавых прымаюць кожнае дзіця, якое па волі лёсу апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі. Прымаюць са шчырай любоўю, клопатам, цеплынёй. І гэтым вяртаюць ім шчаслівае дзяцінства.

— Дзіцячы дом сямейнага тыпу Кундзікавых — першая ўстанова такога тыпу ў Магілёўскай вобласці. Выхаванню сірот Рыта Уладзіміраўна і Сяргей Аляксеевіч прысвяцілі 30 гадоў. За гэты час іх дом стаў па-сапраўднаму родным для 43 дзяцей. Сёння ў гэтай сям’і выхоўваюцца 13 хлопчыкаў і дзяўчынак, — паведаміла метадыст Клічаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета К.Я.Герасімёнак.

У шматлікіх выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Кундзікавых розныя лёсы. Сярод іх ёсць дзеці, якіх забралі з раддома — ад іх адмовіліся баць­кі, ёсць дзеці з Дома малюткі, з інтэрнатаў, Клічаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, круглыя і сацыяльныя сіроты. Але ўсе яны, незалежна ад узросту, статусу, знайшлі ў сям’і Кун­дзікавых бацькоўскае цяпло, падтрымку, клопат і любоў. Напэўна, таму ўсе шматлікія дзеці Рыты Уладзіміраўны і Сяргея Аляксеевіча называюць іх мамай і татам.

Дзверы вялікага дома Кундзікавых адчынены для ўсіх дзетак. Ніколі не адмаўляюцца тут у­зяць на выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак са складанымі медыцынскімі дыягназамі. Асноўны прынцып выхавання, якім кіруюцца бацькі, — дапамагчы кожнаму дзіцяці знайсці сябе; зразумець, што яно не адзінокае, што патрэбна грамадству; даць магчымасць самасцвердзіцца і рэалізаваць свой патэнцыял. Для сваіх выхаванцаў Рыта Уладзіміраўна і Сяргей Аляксеевіч ствараюць усе ўмовы для паўнавартаснага развіцця. Яны заўсёды імкнуцца задаволіць цікаўнасць дзяцей, пашыраюць іх кругагляд, выхоўваюць любоў да прыроды і роднага краю. Шмат увагі таксама ўдзяляюць раскрыццю творчых здольнасцей дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца ў Клічаўскім цэнтры дзіцячай творчасці, раённым Доме рамёстваў. Іх творчыя работы неаднаразова станавіліся лепшымі на конкурсах дзіцячай творчасці.

Кундзікавы ніколі не дзялілі дзяцей на сваіх і прыёмных. Усіх лічаць роднымі, усіх аднолькава любяць. І выхоўваюць у іх такія ж якасці: дабрыню, спагадлівасць, працавітасць. Дапамагаюць гэтаму сямейныя традыцыі. Іх у доме Кундзікавых склалася шмат. Тут пастаянна ладзяць сямейныя святы, тэматычныя вечары, тэатральныя пастаноўкі ў дамашнім тэатры. Разам з дзецьмі Рыта Уладзіміраўна і Сяргей Аляксеевіч ладзяць паходы, майструюць, кулінараць. Бацькі перадаюць ім свой вопыт, вучаць знайсці сябе і сваё месца ў грамадстве.

Як вынік — усе выхаванцы Кундзікавых становяцца прыстойнымі грамадзянамі. Старэйшыя прыёмныя дзеці даўно выраслі, некаторыя самі сталі бацькамі. Атрымалі прафесіі, уладкаваліся ў жыцці. Яны жывуць у многіх гарадах Беларусі.

Родныя дзеці таксама ўжо дарослыя. Цікава, што адзін з родных сыноў — Захар — ажаніўся з прыёмнай дачкой — Юляй. Ад сваіх бацькоў маладая сям’я пераняла жаданне дарыць цяпло і любоў абяздоленым дзецям. Яны таксама сталі бацькамі-выхавальнікамі. Цяпер у Клічаве два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Кундзікавых.

Самаадданая педагагічная праца Рыты Ула­дзіміраўны і Сяргея Аляксеевіча неаднаразова атрымлівала высокую ацэнку ад мясцовых выканаўчых улад. У скарбонцы сям’і шматлікія ганаровыя граматы, а таксама перамога ў тэлепраекце канала АНТ “Гонар нацыі”.

...У дзіцячым доме сямейнага тыпу Кундзікавых заўсёды шматлюдна, шумна і весела. Часта ў госці да прыёмных бацькоў прыязджаюць пасталелыя сыны і дочкі. Многія ўжо не адны, а са сваімі сем’ямі. Яны спяшаюцца сюды таму, што ведаюць: тут жывуць іх бацькі, тут ім заўсёды рады.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Клічаўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.