×

Дзе добрыя людзі, там бяды не будзе

15.03.2019 15:58,

Дзе добрыя людзі, там бяды не будзе — так кажа народная мудрасць. У яслях-садзе № 3 Чавусаў 15 сакавіка дзень добрых спраў адзначылі толькі добрымі справамі і ўчынкамі.

“Адкрываем скарбонку добрых спраў”, “Маленькія памочнікі”, “Дзень ветлівасці”, “Добрае сэрца” — было шмат цікавага. З самай раніцы выхаванцы стараліся: дапамагалі малодшым прыводзіць у парадак кніжкі, разам з выхавальнікамі мылі цацкі, даглядалі кветкі, мылі лялькам адзенне, выціралі пыл. На прагулцы падмяталі падлогу на верандзе, кармілі птушак, падмяталі дарожкі, дапамагаючы дворніку.

А ўвечары, пасля прагулкі, малявалі і пісалі лісты сваім сябрам, якія доўга не ходзяць у дзіцячы сад, распавядаючы пра тое, як весела яны жывуць, чым займаюцца. Жадалі хуткага выздараўлення і вяртання.

Кожны маленькі чалавек можа рабіць дабро, паляпшаючы жыццё і змяняючы свет да лепшага. Калі кожны зробіць добрую справу, то і свет стане лепшы. Давайце разам будзем рабіць добрыя справы і ўчынкі!

Таццяна КАНСТАНЦІНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Чавусаў.