×

Дзеці за гуманнасць

28.11.2019 12:23,

Абласная акцыя “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі” прайшла ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны.

— З мэтай фарміравання маральных якасцей, сацыяльнай актыўнасці, гуманнага стаўлення да навакольнага свету і братоў нашых меншых гэтая тэматычная акцыя арганізоўваецца штогод. У яе рамках ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца вельмі важная работа: афармляюцца інфармацыйныя і тэматычныя стэнды, распаўсюджваюцца лістоўкі і флаеры, праводзяцца разнастайныя творчыя конкурсы, распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца міні­праекты. Асаблівую знач­насць мае практычная дзейнасць па аказанні дапамогі бяздомным жывёлам: выраб часовых месцаў знаходжання, падкормка і ўладкаванне ў добрыя рукі, збор розных сродкаў для таварыстваў абароны жывёл Бабруйска і Магілёва, — расказала педагог­арганізатар аддзела мастацкай адукацыі Абласнога цэнтра творчасці Л.М.Давыдзенка.

Па выніках акцыі ў аргкамітэт было пададзена 56 творчых справаздач з усіх раёнаў вобласці. Асаблівую актыўнасць праявілі піянерскія дружыны Мсціслаўскага раёна і гімназіі Глуска, а таксама навучэнцы з устаноў адукацыі Быхаўскага, Круглянскага, Касцюковіцкага, Хоцімскага раёнаў, Магілёва і Бабруйска.

Як заўважаюць педагогі, правядзенне акцыі выклікае вялікую цікавасць у вучняў, спрыяе выхаванню ў іх адказных адносін да жывёл. Клопат пра жывую прыроду дапамагае выхоўваць экалагічную культуру, міласэрнасць, уважлівае і адказнае стаўленне да ўсяго навакольнага свету.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.