×

Дзень гонару

06.06.2019 12:13,

Традыцыйнае ўшанаванне лепшых педагогаў, вучняў і іх бацькоў прайшло ў сярэдняй школе № 2 Чавусаў.

Як паведаміла дырэктар установы Н.С.Кірпічова, такая ўрачыстасць праводзіцца штогод. Сёлета свята прайшло пад дэвізам “Мы — гэта ты, краіна”.

— Наш педагагічны калектыў сваёй асноўнай задачай бачыць развіццё здольнасцей дзяцей. У школе дзейнічае раённы STEM-цэнтр, клуб “Юны даследчык”, арганізаваныя шматлікія факультатывы і стымулюючыя заняткі, функцыянуе шэраг творчых аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Усе настаўнікі імкнуцца акрыліць, падтры­маць кожнага вучня ў яго пачынаннях, дапамагчы раскрыццю яго талентаў. Дзякуючы такому падыходу да справы, атрымліваюцца і адпаведныя вынікі. За мінулы навучальны год нашы вучні заваявалі 99 дыпломаў на алімпіядах раённага ўзроўню. На абласным туры рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прызавымі дыпломамі былі адзначаны навучэнка 10 класа Дар’я Ігнацьева і навучэнец 8 “А” класа Уладзіслаў Пахоменка.  Вучаніца 9 “Б” класа Дар’я Гарэлава бліскуча выступіла на абласным і заключным этапах рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ, V Магілёўскім фестывалі навукі, міжнароднай канферэнцыі “Гульні розуму”. Акрамя таго, вучні вызначыліся ў розных творчых конкурсах. Усяго за навучальны год імі было заваявана 85 прызавых дыпломаў. Па выніках круглагадовай спартакіяды каманда навучэнцаў школы стала першай у раёне. І гэта ўжо шосты раз запар, — расказала Н.С.Кірпічова.

На ўрачыстасці ўсе навучэнцы, якія ўславілі школу, іх бацькі і лепшыя педагогі былі адзначаны дыпломамі і падзячнымі лістамі. Своеасаблівым падарункам для іх стаў таксама выдатны канцэрт.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена ўстановай адукацыі.