×

Дзень вясёлкавага настрою

29.01.2020 16:01,

У канцы студзеня ў Лобжанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клімавіцкага раёна прайшоў дзень вясёлкавага настрою, які быў арганізаваны педагогам-псіхолагам Наталляй Міхайлаўнай Пракоф’евай.

— Мэта — стварыць спрыяльны клімат, атмасферу свята, а таксама дыягнаставаць эмацыянальны стан навучэнцаў і супрацоўнікаў школы, — каментуе Наталля Міхайлаўна.

У мерапрыемстве бралі ўдзел школьнікі 1—11 класаў, іх педагогі, тэхнічны персанал. Кожны атрымаў эмблему дня — матылька, размаляванага ў колеры вясёлкі.

Перад пачаткам дня кожны клас вызначыўся з колерам адзення, у якім яны прыйшлі на свята. Папулярнасцю карысталіся чырвоны і блакітны.

Дзень вясёлкавага настрою — гэта цэлая серыя займальных і цікавых мерапрыемстваў і акцый. На кожным перапынку дзеці збіраліся ў фае школы, тут для іх праводзілі вясёлыя віктарыны і конкурсы. Таксама былі створаны тэматычныя фотазоны. Вучні з радасцю рабілі фотаздымкі. Вока радавалі пазітыўныя аб’явы з адрыўнымі ярлычкамі.

Дзеці стварылі два плакаты “Вясёлка настрою” і “Падзяліся сваім настроем”, дзе адзначылі колерам настрой і напісалі пажаданні.

На працягу дня ва ўдзельнікаў фарміравалася ўяўленне аб псіхалагічным значэнні розных колераў і іх уплыве на эмацыянальны стан чалавека. Завяршылася свята музычнай кампазіцыяй пра вясёлкавы настрой.

Жанна НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў Лобжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.
Фота Уладзіслава Падабеда.