×

Дзверы ў адукацыю будучыні

23.04.2019 11:25,

Займацца праграмаваннем, робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, дакладнымі навукамі, развіваць інжынерныя навыкі — пра гэта марыць амаль кожны сучасны школьнік. Мара навучэнцаў гімназіі № 3 Бабруйска ўвасобілася ў жыццё — на базе навучальнай установы быў урачыста адкрыты першы ў Магілёўскай вобласці STEM-цэнтр.

Для ажыццяўлення сваёй мары дзецям разам з педагогамі давялося нямала папрацаваць і атрымаць перамогу ў конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе”, які праводзіцца асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”.

— Для ўдзелу ў конкурсе нашы дзеці падрыхтавалі праект “Гарадок бяспекі”. Сярод 240 устаноў адукацыі мы сталі пераможцамі. Спонсарскую падтрымку для адкрыцця STEM-цэнтра аказала кампанія Juno Lab, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Севярын.

STEM-цэнтр уяўляе сабой тэхнічна абсталяваны клас (ноўтбукі, наборы Lego, тэлевізар) і разлічаны на дзесяць пасадачных месцаў, дзе навучэнцы бясплатна могуць займацца аднымі са сваіх любімых прадметаў і рэалізоўваць самыя крэатыўныя ідэі.

Павіншаваць навучэнцаў і педагагічны калектыў з важнай для навучальнай установы падзеяй прыйшло шмат ганаровых гасцей. Сярод іх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ірына Рынейская, дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Аляксандр Хоміч, дырэктар кампаніі Juno Lab Сяргей Дэрцап і інш.

— Заўсёды прыемна знаходзіцца ў сценах сваёй роднай альма-матар. У гэты асаблівы для хлопчыкаў і дзяўчынак, педагогаў гімназіі і горада ў цэлым дзень выказваю словы падзякі Бабруйскаму гарвыканкаму, усім асацыяцыям, установам, калегам, хто спрыяе рэалізацыі ў нашай краіне такога выдатнага праекта, як STEM-адукацыя. Я ўпэўнена, што сённяшняя падзея — гэта толькі старт новых адукацыйных магчымасцей, новых перамог у адукацыі. Вельмі хочацца, каб гэты STEM-цэнтр быў ва ўсім толькі першым, — адзначыла падчас урачыстасці Ірына Рынейская.

Нягледзячы на тое, што STEM-цэнтр толькі адкрыўся, дзецям ужо было што паказаць гасцям. Гэта і поспехі ў праграмаванні, і створаныя гульні, і распрацаваныя сайты, і віртуознае валоданне фоташопам, і нават створаныя ўласнаручна робаты. А гэта толькі пачатак!

Так, навучэнец гімназіі дзесяцікласнік Аляксей Грудзько распрацаваў свой калькулятар, які не толькі мае агульнавядомыя функцыі, але і вылічвае косінусы, сінусы і яшчэ шмат чаго.

— Цудоўна, што ў нас адкрыўся такі высокатэхналагічны клас. Гэта паўплывае на адукацыю ў сферы інфарматыкі сярод вучняў і, магчыма, дапаможа некаторым вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, — падзяліўся Аляксей. Дарэчы, сам ён ужо з будучай прафесіяй вызначыўся. Плануе паступаць у БДУІР на праграміста.

Шасцікласнік Герман Зайцаў прадэманстраваў гасцям сваю віктарыну “Мультыпульт”. Любоў да сучасных тэхналогій у Германа пачалася з прыходам у робататэхнічны гурток. Там ён азнаёміўся з такім тэхнічным абсталяваннем, як 3D-прынтар, і сам назапасіў грошай для набыцця ўласнай цуда-тэхнікі.

На сённяшні дзень у STEM-цэнтры займаюцца 4 групы. Гэта 60 юнакоў і дзяўчат, навучэнцаў 5—7 класаў. Кіруе цэнтрам настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Марыя Васільеўна Самсоненка. Усяго адпаведнае навучанне прайшлі чатыры педагогі гімназіі.

— Мы займаемся гэтым праектам дзеля будучыні. Калі не будзем укладваць у яго сёння, яно не з’явіцца. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, мы можам паказаць дзецям, да чаго імкнуцца, як дасягаць сваіх мэт. Даём магчымасць гэта зрабіць. Для гэтага не трэба нічога мець дома, дастаткова хадзіць у школу, наведваць STEM-цэнтр і набывац­ь неабходныя веды для атрымання прафесіі будучыні. Падлеткі зрабілі добры старт. Але гэтага мала. Трэба рухацца наперад, развівацца. У залежнасці ад прагрэсу, мы будзем дапамагац­ь, стымуляваць гэтае развіццё. Усё залежыць ад хлопчыкаў і дзяўчынак, як яны скарыстаюцца наяўнымі магчымасцямі, — паведаміў дырэктар кампаніі Juno Lab Сяргей Дэрцап.

Па выніках конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе” запланавана адкрыццё яшчэ васьмі STEM-цэнтраў у розных гарадах Беларусі.

Людміла НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.