×

Фестываль для маладых спецыялістаў

03.09.2019 16:15,

Так склалася ў жыцці, што кожны чалавек напярэдадні верасня ў глыбіні душы адчувае хваляванне. Яно звязана, зразумела, са школай, бо кожны калісьці быў вучнем. Асабліва востра такое хваляванне адчувае настаўнік, для якога школа ў свой час стала сэнсам жыцця. І адна справа, калі мы маем на ўвазе педагога са стажам. Другая — калі гэта малады спецыяліст. Хваляванне ўзнікае і за першы ўрок, і за саму арганізацыю навучальнага працэсу ў класе, і за свой будучы лёс у прафесіі. Думак шмат, пытанняў яшчэ больш.

У гэтым годзе маладым педагогам Магілёўшчыны прадставілася магчымасць знайсці адказы на многія пытанні, якія тычацца работы настаўніка, прывесці ў парадак свае думкі, звязаныя з хваляваннем у пачатку навучальнага года.

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Ольса”, што ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, на перадапошнім тыдні жніўня гасцінна прымаў удзельнікаў першага абласнога фестывалю педагагічных ідэй. Ініцыятарам арганізацыі і правядзення фестывалю быў Магілеўскі дзяржаўны інстытут развіцця адукацыі. Гэта своеасаблівы гістарычны момант для кожнага маладога настаўніка-ўдзельніка. Па-першае, пашчасціла не ўсім маладым педагогам вобласці, бо колькасць месцаў была абмежавана. Па-другое, вялікая колькасць майстар-класаў ад старэйшых калег, магчымасць праявіць сябе ў практычных блоках рознаўзроўневых заняткаў, творчыя самапрэзентацыі каманд — усё гэта далёка не ўвесь спіс мерапрыемстваў тых трох дзён, праведзеных на беразе ракі Ольса. Асобна можна і трэба адзначыць крэатыўныя і творчыя старонкі гісторыі фестывалю: інтэрактыўную гульню “Мазгабойня”, цікавыя шоу “Інтуіцыя”, “Спевы ля вогнішча на новы лад”, дыскатэку “Назад у 2000-я”. Непрыкрытую цікавасць выклікала ранішняя “правільная зарадка”, праведзеная арганізатарамі.

Па завяршэнні фестывалю кожнаму ўдзельніку быў уручаны сертыфікат, які, па словах маладых педагогаў, меў дзве асаблівасці: па-першае, удзел у мерапрыемстве, па-другое, добрая памяць і цудоўны настрой ад карысна праведзеных дзён.

Неабыякавых не засталося, а гэта значыць, што такое мерапрыемства мела вынік, добры і вырашальны для многіх удзельнікаў адносна сваёй работы і захаплення ёй. Як вырашылі арганізатары: нішто не перашкаджае фестывалю такога фармату стаць традыцыйным. А гэта значыць, што кожны малады настаўнік, для якога ў свой час школа стане сэнсам жыцця, будзе і далей адчуваць хваляванне. Прыемнае хваляванне ад сваёй работы!

Антон ЛАБАНОЎСКІ,
настаўн
iк беларускай мовы i лiтаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магiлеўскага раёна.