×

Галоўнае — іх поспехі

27.08.2019 11:52,

Выхавальнік ясляў-сада № 2 “Сонейка” Краснаполля Наталля Віктараўна Канаплёва прыйшла ў дашкольную адукацыю дзяўчынай. З таго часу мінула амаль дваццаць гадоў, а яна ні разу не ўсумнілася ў правільнасці выбару прафесіі.

— Мне заўсёды падабалася забаўляцца з малышамі. Таму яшчэ дзяўчынкай я для сябе вызначыла: буду педагогам, — гаворыць Н.В.Канаплёва.

Тую дзіцячую мару яна ажыццявіла. Пасля заканчэння сярэдняй школы працягнула адукацыю ў Магілёўскім педагагічным каледжы і атрымала запаветны дыплом па спецыяльнасці “Дашкольнае выхаванне”, а таксама спецыялізацыі “кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці”. Крыху пазней павысіла ўзровень адукацыі, завочна скончыўшы МДУ імя А.А.Куляшова. Маладым спецыялістам Наталля Віктараўна вярнулася на малую радзіму — у Краснаполле, дзе стала працаваць выхавальнікам ясляў-сада № 2. Тут яна займаецца выхаваннем дзетак і цяпер.

Наталля Віктараўна бязмежна любіць сваіх выхаванцаў. Да кожнага шукае індывідуальны падыход, стараецца, каб любы дзень, праведзены малышамі ў дзіцячым садзе, быў напоўнены радаснымі момантамі.

У сваёй працы Н.В.Канаплёва актыўна прымяняе сучасныя падыходы да развіцця дзяцей. Пры пабудове адукацыйнага працэсу выкарыстоўвае наглядныя, слоўныя, гульнявыя і практычныя метады навучання.

— У рабоце з дзецьмі выкарыстоўваю інтэграваныя, комплексныя і сюжэтныя заняткі, што робіць працэс навучання больш насычаным і цікавым. Такія заняткі не выклікаюць стомленасці ў дашкольнікаў, — падкрэсліла выхавальніца.

Вельмі важным Наталля Віктараўна лічыць эмацыянальны кантакт дзяцей з педагогам. На яе думку, эфектыўнасць навучання напрамую залежыць і ад таго, якія пачуцці выклікае ў малыша тая ці іншая сітуацыя. Таму на занятках яна стараецца падбадзёрыць, надаць упэўненасці, заахвоціць сваіх выхаванцаў.

Асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці Н.В.Канаплёва ўдзяляе развіццю творчых здольнасцей дзяцей. Яна з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Гліняны збанок”, у якім малышы вучацца ганчарнай справе.

— З глінай сваіх выхаванцаў я пазнаёміла яшчэ ў ясельнай групе. Вельмі цiкава было назіраць, як мае малышы з насцярожанасцю ставіліся да гэтага прыроднага матэрыялу. Потым дзеткі захапіліся працэсам, ім стала цікава, асабліва калі ўбачылі вынікі сваіх намаганняў. Захапленне дзяцей падахвочвала і мяне. Калі ў нашым раёне праходзіла першае рэгіянальнае свята майстроў ганчарства “Рамесная майстэрня”, я прыняла ў ім удзел. У ходзе майстар-класаў народнага майстра Беларусі Ю.Боўды выявіла для сябе шмат карыснай інфармацыі. Убачыўшы маю непадробную цікавасць да глінянай творчасці, цяперашняя загадчыца нашай установы Алена Аляксееўна Кацягова прапанавала стварыць тэматычнае аб’яднанне па інтарэсах, — адзначыла Н.В.Канаплёва.

Гурток “Гліняны збанок” функцыянуе ўжо другі год. Зараз яго наведваюць дванаццаць выхаванцаў. Заняткі працягласцю 20 хвілін праходзяць два разы на тыдзень. Маленькія ганчары з задавальненнем працуюць з глінай.

— Дзеці вельмі захапляюцца, і адар­ваць іх ад глінянай творчасці бывае складана. Каб яны не ператамляліся, прапаную выконваць частку кампазіцыі, а астатняе адкладаем на наступныя заняткі. Калі гліняныя вырабы гатовы, пачынаем іх дэкарыраваць — распісваем гуашшу. Атрымліваецца вельмі прыгожа. Вырабы маіх дзетак былі адзначаны на раённым і абласным этапах Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”, — паведаміла Н.В.Канаплёва.

Любыя поспехі малых заўсёды вельмі радуюць Наталлю Віктараўну. А іх творчыя дасягненні — асабліва. У далейшым яна плануе развіваць гурток “Гліняны збанок”, бо заняткі ў ім не толькі раскрываюць творчыя здольнасці дзяцей, але і далучаюць іх да культурнай спадчыны свайго народа, сваёй малой радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена установай адукацыі.