×

Галоўная задача не мяняецца

19.09.2019 12:00,

Маштабным святам для дзяцей і іх бацькоў пачалі новы навучальны год у Абласным цэнтры творчасці.

На пляцоўцы перад галоўным будынкам цэнтра разгарнуўся сапраўдны вернісаж талентаў і творчых ідэй. На імправізаванай выставе ўсе жадаючыя змаглі азнаёміцца з напрамкамі дзейнасці ва ўстанове дадатковай адукацыі. Ярка і маляўніча былі прадстаўлены фізкультурна-спартыўныя, эколага-біялагічныя, дэкаратыўна-прыкладныя, музычна-тэатральныя, турыстычна-края­знаўчыя, тэхнічныя, мастацкія аб’яднанні па інтарэсах.


Падчас свята, арганізаванага Абласным цэнтрам творчасці для дзяцей і іх бацькоў, занятак па душы мог знайсці кожны.

Сучасны Абласны цэнтр творчасці — гэта 11 аддзелаў, амаль 200 прафесійных педагогаў. Для выхаванцаў тут дзейнічаюць звыш 600 аб’яднанняў па інтарэсах. Усе яны карыстаюцца папулярнасцю сярод юных магіляўчан. Штогод установу наведваюць звыш 8 тысяч навучэнцаў.

Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаюць гурткі тэатральнай дзейнасці. Акцёрскае майстэрства сюды прыходзяць асвой­ваць каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Мастацкія аб’яднанні па інтарэсах прывабліваюць звыш 2000 навучэнцаў. 10 мясцовых творчых калектываў маю ць званні “заслужаны”, “народны” ці “ўзорны”. Самы вядомы з іх — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны эстрадны тэатр-студыя “Вясёлка”, з якога на вялікую сцэну выйшлі многія зоркі беларускай эстрады.

Ва ўстанове імкнуцца ўліч­ваць інтарэсы і запыты ўсіх дзяцей. Таму тут занятак па душы можа знайсці кожнае дзіця пачынаючы ўжо з дашкольнага ўзрос­ту. Так, малышы мо­гуць наведваць заняткі ў школе ранняга развіцця “Прыступкі”. Дзецям, якія захапляюцца фізкультурай, прапануюць навед­ваць гурткі аддзела фізічнага выхавання. Аб’яднанні па інтарэсах у цэнтры для сябе знойдуць і тыя, каго прываблівае краязнаўства, пошукавая работа, турызм, экалогія. Школьнікам таксама прадастаўляецца магчы­масць палепшыць узровень сваёй адукацыйнай падрыхтоўкі, павысіць веды па пэўных вучэбных прадметах.

Асаблівую цікавасць у вучняў зараз выклікаюць гурткі тэхнічнай творчасці. Ва ўстанове ўлічваюць гэтую тэндэнцыю. У бягучым навучальным годзе тут адкрыліся новыя аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага кірунку — “Аэракасмічнае мадэляванне”, “Беспілотныя лятальныя апараты”, “ІнфаРазумнік. Кіберспорт”.


Падчас свята.

Галоўная задача для педагогаў Абласнога цэнтра творчасці заўсёды застаецца нязменнай — раскрыць патэнцыял, таленты і здольнасці кожнага навучэнца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.