×

Галоўныя дасягненні — наперадзе

05.11.2019 15:01,

У чым заключаецца шчасце? У кожнага чалавека свой адказ на гэтае пытанне. Для настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 1 Чавусаў Паўла Аляксеевіча Кнігі шчасце — гэта любімая работа і поспехі яго вучняў. Педагогіку ён лічыць сваім прызваннем.

— Выкладанне кожны дзень прыносіць толькі радасць. Я іду на работу з усмешкай і гэтак жа вяртаюся дадому. Я шчаслівы чалавек таму, што займаюся любімай справай, якая прыносіць маральнае задавальненне. Наогул лічу, што ў школе павінны працаваць толькі шчаслівыя людзі, якія зара­джаюць сваім пазітывам дзяцей, — адзначыў П.А.Кніга.

Імкненне да педагагічнай дзейнасці Павел Аляксеевіч адчуў яшчэ ў дзяцінстве. Першы свой урок правёў, калі быў старшакласнікам.

— Маё захапленне настаўніцкай прафесіяй падтрымліваў настаўнік Сяргей Міхайлавіч Шыбут. Пад яго наглядам я право­дзіў спачатку фрагменты ўрокаў, а потым і цэлыя заняткі. Тыя ўрокі памятаю і цяпер, бо менавіта тады зразумеў: педагогіка — гэта маё. Гэта сапраўды тая справа, з якой хацелася звязаць прафесійнае жыццё, — расказаў П.А.Кніга.

Рэалізоўваць прафесійнае імкненне Павел Аляксеевіч накіраваўся ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. У якасці профілю выбраў для сябе геаграфію.

— Геаграфія, без перабольшання, — гэта маё жыццё! Спачатку яна была для мяне хобі. Затым тэарэтычная геаграфія перарасла ў практычную — падарожжы, паходы, даследаванне сваёй радзімы і іншых краін... Я ніколі не хацеў падзяляць сваё хобі і працу, таму прафесію вырашыў звязаць з геаграфіяй. І ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары, — падзяліўся П.А.Кніга.

У педагогіку Павел Аляксеевіч ішоў мэтанакіравана, таму ва ўніверсітэце вучыўся старанна, плённа спасцігаючы азы прафесіі. Вучобу ён сумяшчаў з падарожжамі, практычнымі даследаваннямі, удзелам у спаборніцтвах і конкурсах. Пяць студэнцкіх гадоў праляцелі для яго як адно імгненне.

Атрымаўшы запаветны настаўніцкі дыплом, Павел Аляксеевіч з ахвотай накіраваўся на сваё першае працоўнае месца. Маладым спецыялістам ён прыйшоў у сярэднюю школу № 18 Магілёва. Педагагічную дзейнасць у гэтай навучальнай установе Павел Аляксеевіч лічыць асабліва плённай. Вельмі ўдзячны ён і мясцоваму калектыву настаўнікаў, якія дапамаглі яму ў прафесійным станаўленні.

— Аб васямнаццатай магілёў­скай школе ў мяне засталіся толькі цёплыя ўспаміны. Ад больш вопытных калег я пачарпнуў многія метадалагічныя прыёмы, якія і зараз выкарыстоўваю ў навучанні. А яшчэ менавіта падчас работы ў гэтай установе я чарговы раз пераканаўся, што педагогіка — насамрэч тая справа, якой мне хочацца займацца, — паведаміў П.А. Кніга.

Адпрацаваўшы патрэбны тэрмін па размеркаванні, Павел Аляксеевіч прыняў рашэнне вярнуцца на малую радзіму — у Чавусы. Там ён уладкаваўся ў сярэднюю школу № 1 райцэнтра. Тут і выкладае ўжо тры гады.

Педагагічны стаж у Паўла Аляксеевіча пакуль невялікі. Яго жыццё звязана з дзецьмі і школай на працягу ўсяго шасці гадоў. Але за гэты час ён здолеў выпрацаваць свае падыходы да навучання. У прыватнасці, педагог заўсёды прымае дзяцей такімі, якія яны ёсць. Галоўнае для яго — стварыць для вучняў сітуацыю поспеху, дапамагчы кожнаму паверыць у сябе. Каб дасягнуць гэтай мэты, свае ўрокі ён праводзіць у творчай атмасферы, актыўна выкарыстоўваючы пры гэтым індывідуальны падыход да вучняў.

— Лічу вельмі важным эмацыянальны кантакт педагога з дзецьмі. Варта ад­чуць настрой вучняў яшчэ ў самым пачатку ўрока, настроіцца на іх хвалю або, наадварот, настроіць іх на сваю хвалю. Пазітыўны настрой — гэта першы крок на шляху да паспяховага ўрока. Паколькі я прыхільнік кантактных заняткаў, для мяне настрой дзяцей вельмі значны аспект. Найбольшая эмацыянальная блізкасць дасягаецца тады, калі навучэнцы ўспрымаюць вопыт настаўніка. Перажываючы мае асабістыя адчуванні, яны пачынаюць глядзець на тэму ўрока ўжо іншымі вачыма. Таму ў пачатку заняткаў я заўсёды прыводжу асабістыя прыклады на кожную канкрэтную тэму, — падкрэсліў П.А.Кніга.

На думку настаўніка, навучанне будзе эфектыўным, калі вучэбны працэс цікавы. Таму на сваіх уроках ён імкнецца максімальна захапіць дзяцей. На занятках актыўна ўжывае перспектыўна-апераджальнае, групавое, даследчае, праблемнае навучанне. Часта выкарыстоўвае інфармацыйныя і рэйтынгавыя тэхналогіі, метад праектаў.

— Акрамя таго, я пастаянна эксперыментую, камбіную розныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Стараюся праводзіць урокі так, каб яны не былі падобнымі адзін да аднаго. Такі падыход дазваляе дзецям не патануць у аднастайнасці і руціне вывучэння прадмета. Пераход ад аднаго метаду работы да іншага заўсёды бадзёрыць навучэнцаў, дазваляе не губляць іх увагу, — адзна­чыў П.А.Кніга.

Павел Аляксеевіч стараецца не столькі навучыць сваіх вучняў геаграфіі, колькі навучыць іх вучыцца, паказаць, як працаваць самастойна, як шукаць новую інфармацыю, удасканальваць свае веды. Такі падыход дапамагае дасягнуць даволі высокай паспяховасці ў вучняў.

Цікавасць дзяцей да прадмета П.А.Кніга павышае і праз пазаўрочную дзейнасць. У вучэбны час ён праводзіць два дадатковыя заняткі па тэарэтычнай геаграфіі па вечарах, арганізаваў суботнюю геаграфічную школу. Гэтыя сустрэчы вельмі захапляюць дзяцей, але асабліва чакаюць яны канікулы, падчас якіх Павел Аляксеевіч разам з навучэнцамі адпраўляецца ў пешыя і велапаходы па ваколіцах горада і раёна, у экскурсійныя пае­здкі на больш далёкія адлегласці, займаецца даследаваннямі геамарфалагічных, гідралагічных, антрапагенных аб’ектаў роднай мясцовасці.

Асаблівае значэнне Павел Аляксеевіч надае рабоце з адоранымі навучэнцамі. Для кожнага таленавітага вучня ў яго асабісты падыход, свая траекторыя навучання і развіцця. Падчас падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным і конкурсным руху настаўнік практычна штодзень сустракаецца з навучэнцамі, старанна развівае іх здольнасці. Галоўнае, на што ён матывуе сваіх  вучняў, — працаві­тасць і ўласнае жаданне дасягнуць поспеху. Вынік ад такой матывацыі адпаведны: толькі за апошнія некалькі гадоў вучні Паўла Аляксеевіча атрымалі перамогі на другім і трэцім этапах Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, на раённым і абласным турах конкурсу даследчых работ, на абласным этапе конкурсу Саюзнай дзяржавы “Сузор’е талентаў”. Падрыхтаваная ім каманда школы была адзначана прызавым дыпломам на дыстанцыйнай геалагічнай алімпіядзе. 

Плённая работа П.А.Кнігі не застаецца незаўважанай. Яго прафесійныя дасягненні адзначаны рознымі ўзнагародамі. У іх ліку — грамата Міністэрства адукацыі.

…За шэсць гадоў педагагічнай дзейнасці Павел Аляксеевіч дасягнуў многага. Але ў прафесійным развіцці спыняцца ён не збіраецца, бо перакананы: галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.

НА ЗДЫМКУ: Павел Аляксеевіч заўсёды разам са сваімі вучнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва П.А.Кнігі.