×

Ганарыцца родным краем з маленства

23.04.2019 11:31,

Педагагічным калектывам ясляў-сада № 1 Круглага праводзіцца мэтанакіраваная работа па далучэнні выхаванцаў да культуры і традыцый беларускага народа. Для гэтага створаны адпаведныя ўмовы: у кожным групавым памяшканні выхавальнікі разам з бацькамі абсталявалі куткі нацыянальнай  сімволікі і цэнтры для азнаямлення з беларускай культурай.

Для азнаямлення выхаванцаў з культурай, традыцыямі беларускага народа, родным горадам нашы педагагічныя работнікі выкарыстоўваюць эфектыўныя сродкі і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: даследчую дзейнасць, гульнявую дзейнасць, метад праектаў, экскурсіі. Выхавальнікі старшых груп рэалізавалі наступныя праекты: “Беларуская хатка”, “Наш край завецца Беларуссю”, “Мова маіх бацькоў”, “Я ганаруся родным краем”.

Праекты дапамагаюць выйсці на новы ўзровень партнёрскіх узаемаадносін паміж выхаванцамі і педагогамі, кансалідаваць намаганні зацікаўленых людзей вакол ідэі захавання традыцый і звычаяў нашага народа. Відэапрэзентацыі і чытанне твораў мастацкай літаратуры ўзбагача­юць уяўленні дзяцей пра славутыя мясціны краіны: помнікі архітэктуры, прадмету быту нашых продкаў, прыроду роднага краю.

Важнай мэтай нашай дашкольнай установы ў навучанні беларускай мове з’яўляецца арганізацыя сумеснай работы выхавальнікаў і баць­коў па развіцці беларускага маўлення дзяцей. Тут мы ставім такія задачы: азнаямленне бацькоў з псіхолага-педагагічнымі асновамі засваення дашкольнікамі роднай мовы;  азнаямленне са зместам праграмы развіцця беларускага маўлення дзяцей;  забеспячэнне бацькоў неабходным даступным метадычным матэрыялам для навучання дзяцей беларускай мове ў сям’і. Як бачыце, сумеснымі намаганнямі сям’і і дзіцячага садка можна зберагчы, развіць, даць другое дыханне цудоўнаму набытку нашых продкаў, закласці падмурак беражлівых адносін да народнай культуры, мовы, Радзімы. У гэтым і заключаецца а­дзін з кірункаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Прывіваць любоў да сваёй малой радзімы можа толькі педагагічны работнік, які сам з любоўю адносіцца да роднага краю. Дзеці дашкольнага ўзросту не ўмеюць думаць крытычна. Яны імітуюць усё, што бачаць і чуюць у навакольным асяроддзі, але больш за ўсё пераймаюць дзеянні  людзей, якія непасрэдна з імі звязаны, якім давяраюць. Такім чынам, у вырашэнні гэтай праблемы вельмі многае залежыць ад асобы педагагічнага работніка, які працуе з выхаванцамі, яго грамадзянскай пазіцыі.

Наталля РАШЫЛАВА,
выхавальнік ясляў-сада № 1 Круглага.