×

Ганарымся табой, наш родны горад!

17.11.2019 16:03,

Навучэнцам 4 “А” класа сярэдняй школы № 45, як і ўсім іншым жыхарам Магілёва, пашанцавала нарадзіцца і жыць у цудоўным горадзе, які размясціўся на шырокіх берагах Дняпра. Дзецям вельмі спадабалася пешаходная экскурсія па гарадскіх вуліцах Магілёва, падчас якой мы знаёміліся з унікальнай і слаўнай гісторыяй горада.

Мы даведаліся самую паэтычную версію пра тое, што назва горада ідзе ад кургана “Магіла Льва”, дзе быў пахаваны волат Машэка, які славіўся сілай. Ён быў мірным жыхаром, пакуль баярын не адабраў у Машэкі нявесту. Тады ён падаўся ў разбойнікі і стаў помсціць за крыўду, якую яму зрабілі. Загінуў Машэка ад рукі сваёй каханай, якая стала жонкай баярына. Народ пахаваў Машэку на беразе Дняпра і насыпаў высокі курган, які празвалі “Магілай Льва”. Ад гэтага кургана і горад атрымаў сваю назву.

На плошчы Славы мы наведалі мемарыяльны комплекс “Змагарам за савецкую ўладу”, каля падножжа якога гарыць вечны агонь, на сценах ўвекавечаны імёны герояў Савецкага Саюза, якія былі родам з Магілёва.

Гарадская ратуша таксама выклікае захапленне, але калі мы даведаліся, што яна была адноўленая з нуля па старадаўніх малюнках, з’явілася пачуццё гонару за магілёўцаў і за ўвесь беларускі народ. Затым мы прайшлі па алеі Славы, уздоўж якой стаяць стэнды з імёнамі герояў. Далей нас чакаў музей пад адкрытым небам — пешаходная вуліца Ленінская са знакамітай Зорнай плошчай. Тут захаваліся ўнікальныя помнікі архітэктуры розных стагоддзяў і эпох.

Ганарымся табой, наш родны горад!

Вікторыя ПАЛУЯН,
настаўніца сярэдняй школы № 45 Магілёва.