×

Хачу ўсё ведаць

10.11.2019 15:15,

Ужо не першы год пануе атмасфера радасці і захаплення падчас правядзення інтэлектуальнага марафону “Хачу ўсё ведаць” у сярэдняй школе № 37 Магілёва. Школьны інтэлектуальны марафон — гэта шматпрадметнае інтэлектуальнае спаборніцтва школьнікаў, якое накіравана на развіццё асобы кожнага навучэнца.

Інтэлектуальны марафон дае магчымасць юным талентам праявіць не толькі інтэлектуальныя, але і творчыя здольнасці. Марафон праходзіць на працягу пяці дзён. Кожны дзень прысвечаны пэўнаму вучэбнаму прадмету. Кожны навучэнец можа спрабаваць свае сілы ў розных конкурсах.

Пачаткам інтэлектуальнага марафону стаў конкурс даследчых работ “Усё пра ўсё”. Да гэтага конкурсу дзеці рыхтуюцца задоўга да пачатку марафону. У гэтым, вядома, ім дапамагаюць настаўнікі і бацькі. Школьнікі расказвалі сваім аднакласнікам аб зробленых адкрыццях і эксперыментах, прадстаўлялі свае работы гледачам і журы. Па выніках конкурсу арганізавалі выставу ў школьнай бібліятэцы.

Другі дзень марафону прайшоў пад дэвізам “Жывое ў вяках, беларускае слова”. Менавіта пад такой назвай прайшоў квест для навучэнцаў 3-4 класаў. Для таго, каб прыйсці да перамогі, школьнікам, трэба было выканаць шэраг заданняў, прайсці конкурсы на веданне роднай мовы, успомніць гісторыю нашай краіны. Было і хатняе заданне: скласці вершы і загадкі на беларускай мове. Выканалі паспяхова.

Трэці дзень марафону быў прысвечаны 220-годдзю з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Адным з самых яркіх момантаў гэтага дня стаў конкурс знаўцаў рускай мовы “Па лабірынтах рускай мовы і літаратуры”. У чацвёрты дзень марафону змаглі праявіць свае здольнасці юныя матэматыкі. Пяты дзень марафону быў прысвечаны падвядзенню вынікаў і скончыўся святам “Зорная гадзіна!”, на якім былі ўзнагароджаны пераможцы.

Кожны дзень марафону дапамагае выявіць найлепшых вучняў па вучэбных прадметах. Увесь тыдзень у школе пануе адчуванне свята і радасці новага адкрыцця. Жыццё ў школе становіцца ярчэйшым і цікавейшым.


Марына ТАРАСЕНКА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 37 Магілёва.