×

Хто ў школе гаспадар?

12.03.2019 16:53,

Вядома, што настаўнік і вучань дзве асноўныя фігуры ў школе. І ад таго, якія адносіны складваюцца паміж імі, шмат у чым залежыць поспех адукацыйнага працэсу. Ярка і відовішчна ў Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна скончыўся чарговы вучэбны дзень, тут прайшоў спартыўны батл “Хто ў школе гаспадар?”. Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі зборная каманда навучэнцаў 9—11 класаў і каманда настаўнікаў.

Пасля заканчэння вучэбных заняткаў спартыўная зала школы запоўнілася балельшчыкамі, якія наперабой прагназавалі фінальны зыход гульні. Танцавальны флэшмоб ад навучэнцаў 2—4 класаў адкрыў свята, надаў прысутным добрага настрою. “На старт! Увага! Марш!”, — прагучаў голас арганізатара і вядучай спартыўнага батла намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце А.Р.Макарэвіч. Каманда “Цудоўная дзясятка” і каманда “Моладзь” пад гучныя апладысменты балельшчыкаў пачалі змаганне. Праграма батла ўключала 10 конкурсаў. Каманды спаборнічалі ў спрыце, вынослівасці, трапнасці і кемлівасці. За ходам гульні сачыла журы на чале са старшынёй судзейства дырэктарам школы П.Л.Шашковым.

Спартыўнае свята атрымалася на славу. Добры настрой і эмоцыі перапаўнялі ўсіх: і ўдзельнікаў, і балельшчыкаў, і проста прысутных.

Перамогу са значным адрывам атрымала каманда настаўнікаў “Цудоўная дзясятка”. Але, як кажуць, галоўнае не перамога, а ўдзел і зарад станоўчымі эмоцыямі. Мэта мерапрыемства — не толькі прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне патрэбнасці ў сістэмных занятках фізкультурай і спортам, развіццё фізічных якасцяў, але і стварэнне атмасферы супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў.

Іна БУДАГОЎСКАЯ,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.