×

Хвілінка прафарыентацыі

24.01.2020 14:52,

Настаўнік павінен выкарыстоўваць кожную хвілінку і кожную магчымасць у аказанні дапамогі маладому чалавеку ў працэсе прафесійнага самавызначэння. З гэтай мэтай 23 студзеня 2020 г.  на чарговае мерапрыемства інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” для вучняў 8—11 класаў мы запрасілі выпускнікоў нашай школы — Дар’ю Шыматкову і Андрэя Пятрова. 

Даша — студэнтка 4 курса факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А.Куляшова. Яна расказала, што прафесію выбрала свядома, з дзяцінства марыла стаць настаўнікам, а настаўніца хіміі і біялогіі Ірына Пятроўна Кадушкіна прывіла любоў да сваіх прадметаў. Зараз Даша сумяшчае вучобу ва ўніверсітэце і працу настаўніцы хіміі і біялогіі ў гімназіі Шклова. За актыўную грамадскую дзейнасць і выдатную вучобу яна стала ўдзельніцай I Венскага балю, які праходзіў 27 снежня 2019 г. у Палацы Незалежнасці. 

Андрэй Пятроў — студэнт 4 курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Ён падкрэсліў, што ваенным хацеў быць даўно, і ўрокі выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Васільевіча Салаўева канчаткова вызначылі яго выбар. 

Рыта МІШЫНА,
класны кіраўнік 9 класа Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна, настаўнік-метадыст.