Іх прызванне —педагог
У Чавускім раёне вызначылі лепшых маладых настаўнікаў. Свае прафесійныя навыкі і таленты спецыялісты маглі прадэманстраваць падчас удзелу ў фестывалі “Прызванне — педагог”.
— Фестываль праводзіўся з мэтай матывацыі маладых спецыялістаў да прафесійнага росту, выяўлення таленавітых і перспектыўных педагогаў. Сёлета ўдзел у ім прынялі 10 пачынаючых настаўнікаў са стажам працы не больш за тры гады, — расказала загадчык Чавускага раённага вучэбнаметадычнага кабінета В.А.Гурынава.
Конкурс складаўся з трох этапаў. Першапачаткова ўдзельнікі завочна прадстаўлялі ў раённы вучэбнаметадычны кабінет відэазапіс свайго ўрока або заняткаў. Члены журы ацэньвалі тое, як настаўнік паводзіць сябе з дзецьмі, якія методыкі навучання прымяняе, як зацікаўлівае вучняў. Пасля маладых педагогаў чакаў творчы этап, дзе кожны выступіў з самапрэзентацыяй. Настаўнікі расказалі пра сябе, свае педагагічныя прынцыпы і прафесійныя напрацоўкі. На трэцім, заключным, этапе канкурсанты вырашалі педагагічныя сітуацыі. Пытанні былі розныя, але ўсе ўдзельнікі паспяхова справіліся з іспытам.
Па выніках усіх заданняў лепшай журы прызнала настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Чавус Дарыну Каралько. Дыплом ІІ ступені атрымаў настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 2 райцэнтра Раман Зяткін. Трэцяй стала настаўніца біялогіі і геаграфіі Сласцёнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталля Мурашка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Чавускім раённым вучэбнаметадычным кабінетам.