×

Імкнуцца да адзінай мэты

02.07.2019 11:50,

Прывіваць дзецям веру ў сябе, вучыць іх самарэалізоўвацца, радавацца жыццю і ўмела пераносіць нягоды — вось галоўная задача школы і педагога. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар гімназіі Глуска Сяргей Яўгенавіч Сяргееў.

 У педагогіку С.Я.Сяргееў прыйшоў свядома. Яму сапраўды хацелася працаваць у школе, хацелася настаўнічаць. У сукупнасці з захапленнем гісторыяй гэтае дзіцячае жаданне прывяло яго на гістарычны факультэт цяперашняга Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— У якасці маладога спецыяліста па размеркаванні я трапіў на малую радзіму — у магілёўскі райцэнтр Глуск. Праца­ваць стаў у тагачаснай сярэдняй школе № 3 пасёлка. Творчая атмасфера, падтрымка калектыву дазволілі мне хутка на­быць пэўны педагагічны вопыт. А яшчэ я пераканаўся ў тым, што выбраў прафесію правільна, — расказаў С.Я.Сяргееў.

Усё прафесійнае жыццё С.Я.Сяргеева звязана з сярэдняй школай № 3, цяпер — гімназіяй Глуска. Спасці­гаць таям­ніцы беларускай і сусветнай гісторыі мясцовым вучням ён дапамагае на працягу ўжо 27 гадоў. За гэты час С.Я.Сяргееў атрымаў кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”, выпрацаваў уласныя прыёмы, метады навучання. Год на зад Сяргей Яўгенавіч узначаліў навучальную ўстанову, якая ўжо стала роднай для яго. Службовых абавязкаў істотна дабавілася, але выкладанне ён не пакінуў.

— Было б няправільна не выкарыстоўваць вопыт настаўніка-метадыста ў працы, таму я працягваю выкла­даць, удзельнічаю ў рабоце рэспубліканскай творчай групы па гісторыі і грамадазнаўстве, пасяджэннях рэспубліканскіх і абласных семінараў. Для таго каб дасягаць эфектыўнага функцыянавання навучальнай установы, дырэктар павінен быць у курсе ўсіх сучасных адукацыйных і выхаваўчых практык. Апошнім часам асноўныя функцыі дырэктара зводзяцца да гаспадарчай дзейнасці, а гэта не зусім правільна. Галоўная задача дырэктара — наладзіць якасны адукацыйны працэс. А калі дырэктар не валодае сучаснымі адукацыйнымі трэндамі, ён будзе не рухавіком, а тормазам у гэтым працэсе, — перакананы С.Я.Сяргееў.

На думку Сяргея Яўгенавіча, паспяховы ўрок немагчыма арганізаваць без паразумення з навучэнцамі, таму да кожнага вучня ён шукае індывідуальны падыход, дапамагае раскрыць яго патэнцыял.

— Важна таксама здолець прывіць вучням жаданне вучыцца. На сваіх занятках я не проста тлумачу вучэбны матэрыял, а імкнуся да таго, каб дзеці палюбілі сам працэс пазнання, вучу іх самастойнаму набыццю ведаў, — адзначае С.Я.Сяргееў.

Урокі ён стараецца праводзіць у нязмушанай атмасферы, робячы вывучэнне гісторыі максімальна цікавым, захапляючы дзяцей настолькі, што яны лёгка запамінаюць неабходныя матэрыял, нават не заўважаючы, што вучацца. Для гэтага педагог актыўна выкарыстоўвае на занятках тэхналогіі медыяадукацыі, разнастайныя інтэрактыўныя методыкі.

Шмат увагі С.Я.Сяргееў і як педагог, і як дырэктар удзя­ляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. У работу па раскрыцці здольнасцей навучэнцаў уключаны ўвесь калектыў гімназіі. Настаўнікі-прадметнікі займаюцца з таленавітымі дзецьмі на факультатывах і індывідуальных занятках.

— Вялікую ролю ў падрыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху і даследчых конкурсах адыгрывае праца псіхалагічнай службы. На заключных этапах рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд навучэнцам часта складана менавіта псіхалагічна. У гэтым плане  мы ўсяляк падтрымліваем іх, узаемадзейнічаем з бацькамі, разам стараемся ўсяліць у дзяцей веру ў сябе і свой поспех, — адзначыў С.Я.Сяргееў.

Такі падыход дае адпаведны вынік. Вучні гімназіі Глуска часта становяцца прызёрамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, даследчых конкурсаў. Значным дасягненнем гімназіі з’яўляецца і тое, што звыш 90 працэнтаў дзяцей вучацца на высокім і дастатковым узроўні. А калі казаць пра выпускнікоў, то кожны год амаль усе яны становяцца студэнтамі прэстыжных УВА.

— Усе нашы дасягненні — гэта вынік плённай каманднай работы, работы калектыву аднадумцаў. Усе педагогі гімназіі штодзень імкнуцца да адзінай мэты — якаснай адукацыі навучэнцаў. Мы стараемся арганізоўваць вучэбны працэс так, каб ён адпавядаў рэаліям часу. Для гэтага займаемся інавацыйнай дзейнасцю, укараняем перадавыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі, — расказаў С.Я.Сяргееў.

Поспехі гімназіі, навучэнцаў і педагогаў для С.Я.Сяргеева ў прыярытэце, але ён упэўнены: высокая ацэнка работы не нагода для таго, каб стаяць на месцы. Сяргей Яўгенавіч плануе прафесійна ўдасканальвацца, а таксама весці наперад у развіцці сваю навучальную ўстанову.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.