×

Імкнуцца да новых вышынь

25.05.2019 14:59,

Звыш 21 тысячы выпускнікоў, прафесійных рабочых розных спецыяльнасцей падрыхтавалі для эканомікі краіны ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы.

Каледж упершыню адкрыў свае дзверы перад навучэнцамі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. За гады свайго існавання навучальная ўстанова не раз мяняла статус, але якас ць падрыхтоўкі рабочых кадраў тут заўсёды заставалася нязменна высокай.

Сёння машынабудаўнічы каледж уяўляе сабой шматпрофільную ўстанову. Тут вядзецца навучанне на ўзроўнях ПТА і ССА па разнапланавых спецыяльнасцях. Асноўныя прафесіі машынабудаўнічага профілю: станочнік, аўтаслесар, электрагазазваршчык, каваль, мантажнік, аўтамеханік.


Дырэктар каледжа В.М.Клепчукоў са сваім творчым калектывам.

— На сённяшні дзень у нас вучацца звыш 450 навучэнцаў. Для іх эфектыўнай падрыхтоўкі ў каледжы створаны ўсе ўмовы. За апошнія гады ўласнымі намаганнямі мы пераабсталявалі многія вучэбныя кабінеты, стварылі сучасныя вучэбна-вытворчыя майстэрні, правялі поўны рамонт інтэрната. Гэта прынесла адпаведныя вынікі. Па дыплом да нас прыязджаюць выпускнікі школ з розных рэгіёнаў краіны, але ж большасць абітурыентаў — жыхары Магілёўшчыны. У некаторых раней тут вучыліся сябры, і таму яны таксама прыйшлі атрымліваць прафесію менавіта ў нашу навучальную ўстанову. Для многіх сем’яў горада і вобласці атрымаць спецыяльнасць у каледжы стала традыцыяй. Існуюць цэлыя працоўныя дынастыі, некалькі пакаленняў якіх у розны час атрымала тут прафесійную адукацыю, — расказаў дырэктар каледжа В.М.Клепчукоў.

Усе мясцовыя выпускнікі запатрабаваны на рынку працы. Каледж актыўна супрацоўнічае са шматлікімі профільнымі арганізацыямі, у якія для праходжання практыкі накіроўваюцца навучэнцы ўсіх спецыяльнасцей. Па водгуках работадаўцаў, выпускнікі каледжа маюць неабходны ўзровень падрыхтоўкі, атрымліваюць добрыя тэарэтычныя веды, вало­даюць навыкамі практычнай працы і могуць самастойна вырашаць складаныя прафесійныя задачы.

— Рабочыя і спецыялісты, якіх падрыхтавалі нашы педагогі, паспяхова працуюць у розных сферах эканомікі не толькі па Беларусі, але і ў іншых краінах СНД. Многія выпускнікі добра зарэкамендавалі сябе на такіх вядомых прадпрыемствах краіны, як ААТ “МАЗ”, ААТ “Магілёўскі завод “Строммашына”, філіял ААТ “БелАЗ” — Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава, ААТ “Мінскі вагонарамонтны завод”, ААТ “Мінскі падшыпнікавы завод”, ААТ “Кавальскі завод цяжкіх штамповак”, і іншых, — паведаміў В.М.Клепчукоў.

Па яго словах, якаснае прафесійнае навучанне моладзі — вынік плённай працы педагагічнага калектыву каледжа. Ва ўстанове склаўся багаты педагагічны вопыт, назапашаны больш як за 100 гадоў. Сучасныя выкладчыкі і майстры верныя традыцыям папярэдніх пакаленняў.

— На сённяшні дзень у каледжы склаўся працаздольны, згуртаваны агульнасцю мэт педагагічны калектыў. Усе выкладчыкі маюць глыбокую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, неабходную для паспяховай рэалізацыі прафесійных адукацыйных праграм. Больш як палова педагогаў мае ведамасныя ўзнагароды і знакі адрознення. Зараз мы разам бесперапынна працуем над стварэннем асобасна арыентаванага адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае не толькі якасную адукацыю, але і ўсебаковае развіццё нашых навучэнцаў.

Вялікі ўклад у станаўленне каледжа ў свой час унеслі педагогі-ветэраны В.І.Афанасенка, М.А.Невядомскі, А.П.Віннік, А.А.Халявінскі, В.Р.Кацюшын, А.М.Сля­зо­вая, Г.М.Дзія­мідава. Іх плён­ную працу якасна працяг­ваюць М.М.Упс­кі, В.І.Ся­мёнаў, У.І.Іва­ноўскі, В.М.Ка­ша­лёва, Л.В.Ска­ва­родкін, В.В.Пад­гароднікаў, І.П.Мы­со­на­ва, Н.Л.Мар­гунова, Т.М.Ган­ча­рова, А.П.Масціч, С.М.Яроцкі, Л.Ф.Гар­дзіе­віч, А.К.Юковіч, Ю.Г.Драчыкаў, — адзна­чыў В.М.Клепчукоў.

Калектыў каледжа ўмее будаваць абгрунтаваныя доўгатэрміновыя прагнозы, валодае выдатным пачуццём перспектывы. Сёння гэта запатрабаваная і сацыяльна значная адукацыйная ўстанова. Тут хочуць вучыцца маладыя людзі: ім падабаецца ўклад жыцця каледжа, створаная атмасфера дабра, пазнання, творчасці.

Уся работа навучальнай установы сапраўды будуецца на запытах і патрэбах навучэнцаў. Так, з мэтай аптымальнай арганізацыі вольнага часу і фарміравання полікультурнай асобы тут дзейнічаюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах рознай накіраванасці. Пастаянна праводзяцца мерапрыемствы, якія развіваюць у моладзі культуру, маральнасць, патрыятызм, імкненне да здаровага ладу жыцця, а таксама ў значнай ступені спрыяюць павышэнню цікавасці да вучэбнай дзейнасці, далейшаму інтэ­лектуальнаму росту і прафесійнай арыентацыі.

Характэрная асаблівасць машынабудаўнічага каледжа — гэта выраб разнастайнай прадукцыі для насельніцтва горада. Работы, зробленыя рукамі навучэнцаў і майстроў, прыносяць пэўны пазабю­джэтны прыбытак, а таксама заваёў­ваюць пераможныя дыпломы на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных кірмашах, выставах і конкурсах.

Магілёўскі машынабудаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж — установа, якая дынамічна развіваецца. Дасягнуўшы адных поспехаў, тут імкнуцца да далейшага ўдасканалення працы.

— Адной з галоўных задач мы бачым павышэнне якасці адукацыі, правядзенне вучэбнага працэсу ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі для таго, каб нашы навучэнцы змаглі стаць высокакваліфікаванымі прафесіяналамі, — падкрэсліў дырэктар каледжа В.М.Клепчукоў.

У гісторыі Магілёўскага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа нямала дасягненняў. Выкладчыкі і навучэнцы гэтым ганарацца, а таксама імкнуцца прымнажаць наяўныя поспехі. Навучэнцы каледжа — пастаянныя прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Яны з’яўляюцца лаўрэатамі такіх вядомых маладзёжных фестываляў, як “АРТ-вакацыі”, “Таленты XXI стагоддзя”, “ТэхнаІнтэлект”. Плённая праца педагогаў і майстроў вытворчага навучання таксама не застаецца без увагі. Большасць педагагічных работнікаў ліцэя ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых органаў, асобныя майстры і выкладчыкі маюць званне выдатніка адукацыі.

Эфектыўная работа ў машынабудаўнічым каледжы вядзецца практычна па ўсіх напрамках. Надоечы, адзначаючы 120-годдзе, у гэтай навучальнай установе чарговы раз падвялі вынікі сваёй адукацыйнай дзейнасці. Абазначылі і новыя мэты, да дасягнення якіх зноў будуць імкнуцца агульнымі, зладжанымі намаганнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.