×

Імпульс да плённай працы

14.03.2019 17:26,

Паспяховая дзейнасць установы адукацыі напрамую залежыць ад адукацыйнага ўзроўню настаўнікаў. Педагогі павінны не толькі бесперапынна ўдасканальваць прафесійныя навыкі, але і дзяліцца асабістым досведам з калегамі. Такога меркавання прытрымліваюцца ў Дрыбінскім раёне, таму перыядычна праводзяць для мясцовага настаўніцтва розныя навучальныя, метадычныя мерапрыемствы.

— Мы імкнёмся як мага часцей збіраць настаўнікаў разам, каб яны маглі сумесна абмяркоўваць праблемныя пытанні, расказваць пра свае поспехі. Такія формы метадычнай работы ў значнай ступені спрыяюць павышэнню якасці адукацыі, — адзначыла зачадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка.

Па яе словах, у раёне пастаянна адбываюцца пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў, ладзяцца разнастайныя фестывалі, кірмашы педагагічных ідэй. Да таго ж пры РВМК дзейнічае творчая група “Вяршыні майстэрства”. У яе склад уваходзяць лепшыя мясцовыя педагогі, якія актыўна дзеляцца вопытам з калегамі.

— Надоечы адбылося чарговае пасяджэння гэтага аб’яднання. Акцэнт зроблены на метадычнае суправаджэнне прафесійнага росту настаўнікаў-прадметнікаў, — расказала Любоў Васільеўна.

Праз розныя вучэбна-метадычныя практыкаванні педагогі вучыліся ажыццяўляць міжпрадметную сувязь, прымяняць веды ў нестандартных сітуацыях. Была магчымасць наведаць шэраг адметных адкрытых урокаў, аўтарсках педагагічных майстэрань. Так, падчас заняткаў кіраўніка творчай групы “Вяршыні майстэрства” настаўніцы геаграфіі Бельскага ВПК Святланы Бяловай прысутныя ўбачылі эфектыўныя прыёмы навучання, якія ствараюць у класе сітуацыю поспеху, вучаць дзяцей не баяцца цяжкасцяй і верыць у сябе. Завяршылася пасяджэнне рэфлексіяй.

— Пасяджэнні такога плана перыядычныя. Падобныя сустрэчы стымулююць педагогаў на плённую дзейнасць, самаадукацыю, служаць своеасаблівым імпульсам для дасягнення высокіх вынікаў у працы, — падкрэсліла Любоў Тарасенка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.