×

Інфарматызацыя =  якасная адукацыя

20.06.2019 15:31,

Дынамічнае развіццё грамадства ставіць перад сістэмай адукацыі новыя прыярытэты. Існуе неабходнасць пастаяннага павышэння якасці і даступнасці адукацыі, узмацнення сувязі паміж рознымі ўзроўнямі навучання. Адным з дзейсных спосабаў вырашэння гэтых надзённых задач з’яўляецца інфарматызацыя адукацыйнай сферы. На Магілёўшчыне гэтым пытанням удзяляюць асаблівую ўвагу. У навучальных установах вобласці вядзецца актыўная работа па стварэнні высокатэхналагічнага адукацыйнага асяроддзя, выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання.

Інфарматызацыя ўстаноў адукацыі праводзіцца комплексна, з арыенцірам на стварэнне адзінай рэгіянальнай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы. На сённяшні дзень установы агульнай сярэдняй адукацыі цалкам аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай, у глабальнай сетцы інтэрнэт забяспечана шырокае прадстаўніцтва сайтаў навучальных устаноў і педагогаў.

Укараненне ўсёй шматграннасці сродкаў інфарматызацыі сапраўды ў значнай ступені павышае якасныя паказчыкі навучання. Эфектыўна ад­бі­ваецца актыўнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і на кіраванні ўстановай, яе функцыянаванні ў цэлым. Так, у Клічаўскім прафесійным аграрна-тэхнічным каледжы прымяненне ІКТ дапамагло аўтаматызаваць кіраўніцкія і педагагічныя працэсы, наладзіць аператыўную апрацоўку, перадачу і захоўванне інфармацыі, палеп­шыць тэхнічнае і метадычнае суправа­джэнне адукацыйнага працэсу.

— Сучасныя прадпрыемствы фар­міруюць заказ на спецыялістаў, якія не толькі валодаюць трывалымі прафесійнымі ведамі і ўменнямі, але і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Выпускнікі каледжа павінны быць мабільнымі, канкурэнтаздольнымі, умець прафесійна знаходзіць сябе ў пастаянна зменлівых знешніх умовах. У гэтых рэаліях актыўнае выкарыстанне ІКТ адкрывае для ўстаноў прафесійнай адукацыі аптымальныя магчымасці для арганізацыі ў вучэбных кабінетах вывучэння будовы і работы дарагіх машын, механізмаў і абсталявання, для імітацыі на маніторы камп’ютара любых вытворчых працэсаў. На сённяшні дзень у нас сфарміравана ўласная комплексная праграма “Інфарматызацыя каледжа”. Яна накіравана на ўдасканаленне электроннай інфармацыйна-тэхналагічнай інфраструктуры, эфектыўнае ўдасканаленне кіраўніцкай дзейнасці, фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на базе воблачных тэхналогій, распрацоўку і ўкараненне дыстанцыйнага навучання, — расказаў дырэктар кале­джа Ю.І.Васілеўскі.

Паводле яго слоў, большасць напрамкаў праграмы інфарматызацыі каледжа ўжо рэалізавана. За апошнія гады ва ўстанове сфарміравана аптымальная інфармацыйна-тэхна­лагічная інфраструктура. Адметна, што яна даволі шырокая і ўключае ў сябе цэнтральную лакальную сетку з серверам, на якім устаноў­лены аўтаматызаваны комплекс “Параг­раф. Каледж”, інфармацыйна-кам­п’ю­тарны цэнтр для работнікаў і навучэнцаў, шматлікія лабараторыі, абсталяваныя мультымедыйнымі ўстаноўкамі. Усё гэта дазваляе праводзіць заняткі на высокім прафесійным узроўні, набліжаючы адукацыйны працэс да рэальных вытворчых умоў.

— Уласнымі намаганнямі мы таксама змаглі стварыць адзінае электроннае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. Яно дазваляе ў электроннай форме ажыццяўляць фактычна ўсю адукацыйную ­дзейнасць. Іншымі словамі, гэтая сістэма арганізуе ў адзінае цэлае інфармацыйную, тэхнічную і вучэбна-метадычную падсістэмы каледжа, тым самым мэтанакіравана забяспечваючы якасны вучэбны працэс і плённае ўзаемадзеянне яго ўдзельнікаў. Напрыклад, кожны педагог, застаючыся на сваім працоўным месцы, дзейнічае ў камандзе. Мне як кіраўніку наяўнасць лакальнай сеткі значна спрашчае задачы кантролю і каардынавання дзеянняў калектыву, — растлумачыў Ю.І.Васілеўскі.

Каардынацыю ­эфектыўнага выкарыстання інфармацыйных рэсур­саў, а таксама сістэматычнае ад­сочванне выніковасці адукацыі ва ўстанове забяспечвае сеткавы комп­лекс “Параграф. Каледж”. З дапамогай гэтага праграмнага прадукту тут дасягнулі максімальнай аўтаматызацыі адукацыйнага працэсу. “Параграф. Каледж” дазваляе весці адзіную базу персанальных даных па ўсіх навучэнцах і супрацоўніках, арганізоўваць навучальнае справаводства, прадастаўляць аператыўную інфармацыю бацькам і дзяржаўным органам кіравання. І гэта далёка не ўсе карысныя магчымасці сеткавага комплексу.

Шматфункцыянальны і інтэрнэт-сайт каледжа. Важна, што ён таксама дазваляе адміністрацыі наладж­ваць зваротную сувязь з бацькамі навучэнцаў. На сайце ёсць асабісты кабінет бацькоў. Пры ўвядзенні пэўнага пароля навучэнец можа прагледзець сваю асабістую картку, а бацькі — даведацца аб бягучай і прамежкавай паспяховасці дзяцей.

— У вучэбны працэс мы паспяхова ўкараняем воблачныя тэхналогіі, якія забяспечваюць магчымасць аддаленага доступу педагогаў і навучэнцаў да ўласных інфармацыйных рэсурсаў каледжа. Гэта свое­асаблівы інтэрнэт-офіс, дзе можна захоўваць, ствараць і рэдагаваць дакументы, табліцы, прэзентацыі з дапамогай інтэрактыўных сэрвісаў. Нашы навучэнцы, супрацоўнікі і выкладчыкі выкарыстоўваюць у сваёй працы сэрвісы Dropbox, “Яндэкс-дыск”, “Google-дыск”, якія дазваляюць перадаваць файлы на любую прыладу, далучаную да сеткі інтэрнэт, — адзначыў дырэктар установы.

Важны напрамак інфарматыза­цыі, які рэалізуецца ў каледжы, — уключэнне ў вучэбную дзейнасць усіх наяўных электронных прылад, якія належаць навучэнцам і педагогам. Такі крок істотна зніжае выдаткі навучальнай установы на аснашчэнне камп’ютарамі. Для рэалізацыі гэтай патрэбнай ідэі ў каледжы абсталявалі чатыры лабараторыі з бесправаднымі сеткамі, што дазваляе забяспечыць доступ да інфармацыйных рэсурсаў установы праз Wi-Fi і сетку “Параграф. Каледж”.

— Мы практыкуем аснашчэнне кабінетаў і лабараторый каледжа сучаснай відэапраекцыйнай тэхнікай па прынцыпе “ў кожным кабінеце, у кожнай лабараторыі — мультымедыйны комплекс”. У аснове такога падыходу — лозунг “Сучасны навучэнец — мабільны навучэнец”. Нашы педагогі і майстры шырока выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі і сродкі навучання. У адукацыйным працэсе задзейнічаны 34 мультымедыйныя ўстаноўкі, інтэрактыўныя дошкі. На этапе кантролю ведаў паспяхова выкарыстоўваецца інтэрактыўная сістэма апытання, што дае магчымасць у аўтаматызаваным рэжыме сабраць адказы навучэнцаў з іх наступнай апрацоўкай, выстаўленнем адзнак і аналізам тэсціравання. У спалучэнні з інтэрактыўнай дошкай, камп’ютарам і праектарам гэта дазваляе істотна павысіць эфектыўнасць і аператыўнасць зваротнай сувязі на занятках. Гэтая сістэма апытання ўзаемадзейнічае таксама з электроннымі журналамі і электроннымі дзённікамі, — падкрэсліў Ю.І.Васілеўскі.

Выкананне праграмы інфарма­тызацыі ў Клічаўскім прафесійным аграрна-тэхнічным каледжы адбы­ваецца паэтапна. Гэта дазваляе планава размеркаваць фінансавыя выдаткі, а супрацоўнікам без празмернай псіхалагічнай нагрузкі асвоіць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Завяршэнне інфарматы­зацыі ў каледжы плануюць скончыць у наступным годзе. Зараз ва ўстанове вядзецца работа па ўкараненні дыстанцыйнага навучання. Мясцовы педагагічны калектыў упэўнены: укараненне і актыўнае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій істотна паляпшае якасць адукацыі. Павышэнне выніковасці вучобы навучэнцаў каледжа — лепшае пацвярджэнне гэтага.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.