×

Каб прафесія стала прызваннем

15.06.2019 15:55,

Кім стаць? Над гэтым пытаннем задумваецца кожны вучань. Каб прыняць дакладнае рашэнне адносна будучай прафесіі, падлеткам вельмі патрэбна падтрымка, слушная парада звонку. Гэта добра разумеюць у Дрыбінскай сярэдняй школе, таму ў прафарыентацыйную работу тут уцягнуты ўвесь педагагічны калектыў.

— Выбар прафесіі, пераход да самастойнай працоўнай дзейнасці з’яўляюцца аднымі з самых складаных этапаў у жыцці маладых людзей. Менавіта ў гэты перыяд ім даводзіцца сутыкацца з рознымі цяжкасцямі, таму такой важнай становіцца падтрымка і падрыхтоўка моладзі да гэтага жыццёвага моманту. Сённяшнія навучэнцы — гэта наша заўтра, таму трэба дапамагчы вызначыцца з прафесіяй не асобным, а ўсім навучэнцам, улічваючы пры гэтым і схільнасці дзіцяці, і тэндэнцыі развіцця рынку працы, — расказала дырэктар школы Г.Ф.Хомчанка.

Паводле яе слоў, падрыхтоўка моладзі да выбару прафесіі падзелена ў школе на некалькі этапаў. У вучняў-пачаткоўцаў імкнуцца сфарміраваць станоўчыя адносіны да працы, патрэбу быць карысным грамадству, уяўленні пра разнастайнасць прафесій. Вучняў сярэдняга і старшага звяна падрабязна знаёмяць з відамі працоўнай дзейнасці, праводзяць з імі дыягнастычную работу, дапамагаючы вызначыцца з прафесійнымі інтарэсамі. Работа ажыццяўляецца праз правядзенне факультатыўных заняткаў, розных мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці. Важна, што сістэма прафесійнага суправаджэння тут грунтуецца не толькі на здольнасцях і інтарэсах навучэнцаў, але і на запытах рынку працы, патрэбах рэгіёна ў працоўных кадрах.


Асаблівую ўвагу ў школе ўдзяляюць прафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў старшых класаў. З верасня мінулага года пры ўстанове пачаў функцыянаваць вучэбна-вытворчы камбінат “Швейная справа”, работа якога накіравана на задавальненне патрэбы раёна ў спецыялістах швейнай вытворчасці, на скарачэнне беспрацоўя, забеспячэнне прафесійнай падрыхтоўкі вучняў.


— Камбінат мы адкрылі ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Фінансаванне ажыццяўлялася Еўрапейскім саюзам, а рэалізоўвалася ідэя Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з нашым Міністэрствам эканомікі. Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы, мы змаглі адрамантаваць вучэбную майстэрню, закупіць камп’ютары і разнастайнае абсталяванне: бытавыя і прамысловыя швейныя машыны, авярлок, пяцельную і вышывальныя машыны, інструменты і матэрыялы для шыцця, — паведаміла Г.Ф.Хомчанка.


Заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце спрыялі працоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення, часовай працоўнай занятасці моладзі, яе прафесійнаму самавызначэнню. У 2018/2019 навучальным годзе тут вучыліся 20 дзяўчат. І адметна, што гэта прадстаўніцы не толькі Дрыбінскай сярэдняй школы, але і іншых агульнаадукацыйных устаноў раёна.


— Гэтыя дзяўчаты вучыліся матэрыялазнаўству, ахове працы, вывучалі асаблівасці арганізацыі швейнай вытворчасці. Для большай практычнай накіраванасці навучання мы цесна супрацоўнічаем з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, прадпрыемствамі “Суражэн” і “Бытпаслугі”. За год усімі навучэнкамі атрыманы першасныя навыкі па прафесіі швачка, што дало ім магчымасць праводзіць майстар-класы, быць задзейнічанымі ў другаснай занятасці насельніцтва падчас канікул. Трэць дзяўчат пасля навучання зрабіла выснову, што хоча звязаць сваё далейшае жыццё са швейнай справай. Астатнія лічаць, што набытыя ўменні і навыкі будуць вельмі неабходныя ім у побыце, — адзначыла Г.Ф.Хомчанка.


Ужо зараз навучаннем у вучэбна-вытворчым камбінаце “Швейная справа” зацікаўлены вучаніцы 5—9 класаў з усяго раёна, таму свой інавацыйны прафарыентацыйны праект у Дрыбінскай сярэдняй школе плануюць развіваць. А наогул, тут будуць працягваць арганізоўваць прафарыентацыю з індывідуальным падыходам да кожнага вучня. На думку мясцовых педагогаў, інакш нельга. Толькі такім чынам магчыма сарыентаваць выпускніка на тую прафесію, якая ў далейшым стане яго жыццёвым прызваннем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.