×

Каб прафесія стала прызваннем

01.10.2019 11:51,

Якасная і своечасовая прафарыентацыя з навучэнцамі — адна з галоўных умоў іх будучай паспяховай прафесійнай дзейнасці. У лёсавызначальны момант выбару будучай прафесіі навучэнцам асабліва важнай становіцца падтрымка звонку. У Дрыбінскім раёне гэта разумеюць. Прафарыентацыйная работа, падрыхтоўка выпускнікоў да свядомага выбару будучай прафесіі — адны з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Каб дапамагчы маладым людзям дакладна вызначыць далейшы жыццёвы шлях, тут распрацавалі рэгіянальную мадэль прафілізацыі.

— Правільна выбраная прафесія — гэта лёсавызначальнае рашэнне, бо любімая работа прыносіць задавальненне, дае вялікія магчымасці для самарэалізацыі, забяспечвае поспех і прафесійны рост. Для таго каб зрабіць правільны прафесійны выбар, маладым людзям часта неабходна дапамога і падтрымка. З гэтай мэтай мы распрацавалі рэгіянальную мадэль прафілізацыі. Яе асноўны напрамак — конкурсны рух, які дазваляе навучэнцам ператварыцца з пасіўных слухачоў у актыўных удзельнікаў. Практычная дзейнасць прыцягвае ўвагу навучэнцаў да пэўнай прафесіі, развівае ў іх жаданне атрымаць яе. У сувязі з гэтым ужо на працягу трох гадоў навучэнцы 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна далучаны да ўдзелу ў конкурсах, накіраваных на раннюю прафарыентацыю, — расказала загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.В.Тарасенка.

Распрацоўку конкурснага руху ў раёне пачыналі з папулярызацыі прафесій. На працягу 2016/2017 навучальнага года для дрыбінскіх школьнікаў былі арганізаваны конкурс чытальнікаў “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі патрэбныя”, конкурс публічных выступленняў “Свет прафесій”, конкурс эсэ “Выбар прафесіі — справа сур’ёзная”. Таксама дзеці праяўлялі свае творчыя здольнасці ў конкурсах фотакалажаў, малюнкаў, відэа­ролікаў, буклетаў, прэзентацый. Для навучэнцаў падрыхтавалі тэматычны каляндар прафесій і фотаальбом “Прафесіі, якія побач”.

— У наступныя два гады мы зрабілі ўпор на педагагічныя прафесіі. Хто, калі не мы, педагогі, павінны паказ­ваць патрэбнасць і запатрабаванасць гэтай работы. Былі арганізаваны конкурсы прафарыентацыйнай накіраванасці з вучнямі 1—11 класаў. Адзіная мэта іх усіх — правядзенне сістэматычнай прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў, накіраванай на фарміраванне прафесійных намераў школьнікаў, папулярызацыю педагагічных прафесій. Дасягненню пастаўленай задачы спрыялі наступныя конкурсы: прадмет-асацыяцыя “Мой першы настаўнік, вы вучыце нас...”, міні-верш “Прысвячаецца вам, мой першы настаўнік”, планшэт “Аб настаўніку пачатковых класаў малюнкамі”, памятны адрас “Да пабачэння, наш першы настаўнік!”, віншавальныя адрасы “Прысвячаецца першаму настаўніку...”, алфавіт кампліментаў настаўнікам, буклет-сінквейн “І гэта ўсё пра вас, настаўнікі!”, кніжка-раскладанка “Мудрыя выказванні пра настаўнікаў” і віншавальныя адрасы “З Днём настаўніка!”, фотапаштоўка, падзячнае пісьмо настаўнікам. Кожны конкурс быў распрацаваны для вучняў канкрэтных класаў, — адзначыла Л.В.Тарасенка.

Асаблівую ўвагу ў раёне ўдзяля­юць папулярызацыі педагагічнай прафесіі праз прэзентацыю настаўнікаў, якія дасягнулі поспехаў у прафесійнай дзейнасці на дрыбінскай зямлі. Дзевяцікласнікі рыхтуюць фотаальбомы “Гісторыя настаўніцкага лёсу”, прадстаўляюць конкурсныя матэрыялы “Аб вас мы памяць у сэрцы беражом” і “Якое шчасце быць нам побач з вамі”. Навучэнцы 3-х класаў прымаюць актыўны ўдзел у конкурсе “Гэта наш настаўнік 3 класа!”. З дапамогай мудрай думкі, фразеалагізма, прыказкі, загадкі, радкоў з песні дзеці раскрываюць педагагічнае крэда сваіх настаўнікаў.

— Мы таксама часта выкарыстоўваем актыўныя формы і метады праф­арыентацыі. Лічым, што лепш адзін раз убачыць, чым дзесяць разоў па­чуць. Таму арганізавалі агітбрыгаду “Настаўнік — гэта назаўсёды!”. У яе склад уваходзяць навучэнцы і педагогі. Іх асноўная задача — матываваць выпускнікоў на выбар прафесіі настаўніка, прэзентаваць сумесныя дасягненні вучняў і педагогаў раёна, — паведаміла Л.В.Тарасенка.

Праграма выступленняў агітбрыгады ўключае ў сябе асацыяцыі “Настаўнік...”, чытанне вучнямі вершаў, прысвечаных настаўнікам, прагляд відэа­запісаў “Выбіраючы свой шлях”, прэзентацыю музычнага календара паспяховых спраў педагогаў. Настаўнікі расказваюць дзецям пра свой выбар прафесіі, вынікі і дасягненні ў працы, планы на будучыню. Навучэнцы атрымліваюць памятныя сувеніры: буклет-сінквейн “І гэта ўсё пра вас, настаўнікі!” і паштоўку “Тут можна атрымаць прафесію настаўніка”.

— Падчас сустрэч з навучэнцамі мы заўсёды акцэнтуем іх увагу на тым, што працоўны поспех залежыць не ад месца, а ад чалавека. Адзначаем, што дасяг­нуць вышынь, заваяваць павагу і аўтарытэт, стаць яркай асобай можна ў любой прафесіі. Аднак для гэтага трэба добрасумленна працаваць, праяўляць творчасць і ініцыятыву, быць зацікаўленым у выніках сваёй дзейнасці, — падкрэсліла Л.В.Тарасенка.

Паводле яе слоў, уся работа па прафесійнай арыентацыі падрастаючага пакалення ў дрыбінскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі будуецца зыходзячы з прызнання выключнай ролі моладзі ў грамадстве. У кожнай школе разумеюць: сённяшнія навучэнцы — гэта наша будучыня. Тут імкнуцца дапамагчы ажыццявіць сваё прафесійнае самавызначэнне не асобным, а ўсім навучэнцам, улічваючы пры гэтым і схільнасці дзяцей, і тэндэнцыі развіцця рынку працы раёна.

Такі падыход да арганізацыі праф­арыентацыі дае магчымасць навучэнцам праз рэалізацыю індывідуальных здольнасцей праявіць зацікаўленасц­ь той ці іншай прафесіяй, прыняць правільнае жыццёвае рашэнне. У выніку многія ўчарашнія школьнікі выбіраюць для сябе прафесію педагога. Настаўніц­кі шлях для сябе штогод вызначае шэраг выпускнікоў. У 2017 го­дзе такіх мала­дых лю­дзей было 8, у 2018 го­дзе — 9, у 2019 годзе — 12.

Наогул жа, мясцовыя педагогі ўпэўнены: прафарыентацыйную работу трэба ажыццяўляць толькі з індывідуальным падыходам да кожнага вучня. Толькі такім чынам магчыма сарыентаваць выпускніка на тую прафесію, якая ў далейшым стане яго жыццёвым прызваннем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.