×

Карані, якія злучаюць з Радзімай

17.04.2019 15:13,

Пройдзе час, і сённяшні выхаванец будзе адказны за будучыню нашай краіны. І вельмі важна менавіта цяпер, у дашкольным узросце, звярнуць увагу на выхаванне патрыятычных пачуццяў, выхаванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. 

Пачуццё Радзімы развіваецца ў дзіцяці са стаўлення да сям’і, да самых блізкіх: маці, бацькі, бабулі, дзядулі. Гэта карані, якія злучаюць з родным домам і найбліжэйшым асяроддзем. Паступова дзіця знаёміцца з дзіцячым садком, сваёй вуліцай, горадам, а затым — і з краінай, яе сталіцай і сімваламі, славутасцямі. І хаця многія ўражанні яшчэ не ўсвядомлены глыбока, але, прапушчаныя праз дзіцячае ўспрыманне, адыгрываюць велізарную ролю ў станаўленні патрыятычных пачуццяў.

У рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў” мною была ўзятая тэма індывідуальнага даследавання “Фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай выхавання свядома правільнага стаўлення да з’яў і аб’ектаў жывой і нежывой прыроды”. Работа з выхаванцамі была накіравана на выхаванне любові да роднага горада, яго прыроды, культурнай спадчыны свайго народа.

У спецыяльнай групе быў аформлены “Цэнтр краязнаўства”, дзе прадстаўлены матэрыял пра наш горад Круглае, Круглянскі раён.
Выхаванец старэйшага ўзросту павінен ведаць назву свайго горада, вуліцы, а таксама ў гонар каго яна названая. Для гэтага праводзіліся экскурсіі па горадзе, на прыроду, назіранні за працай дарослых, дзе кожнае дзіця пачынае ўсведамляць, што праца аб’ядноўвае, патрабуе зладжанасці, узаемадапамогі, ведаў сваёй справы. І тут вялікае значэнне набывае знаёмства дзяцей з народнымі ўмельцамі.

Дзейсны спосаб выхавання патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту — руплівасць педагога, неабыякавага чалавека, якая падзяляе з дзецьмі радасць пазнання новага, захапленне вялікім і прыгожым. З гэтай мэтай быў праведзены цыкл заняткаў па знаёмстве з горадам: “Мой горад Круглае”, “Я крочу па горадзе”. Створаны цыкл электронных прэзентацый: “Мая малая Радзіма”, “Горад мой, любуюся і ганаруся табой!”, “Адзін дзень з жыцця нашай групы”. Выраблены лэпбук “Мой горад Круглае”. Разам прыдумалі і намалявалі герб сваёй групы.

З мэтай педагагічнай асветы бацькоў выкарыстоўваліся калектыўныя і індывідуальныя формы работы: сходы, кансультацыі, парады. Бацькі разам з дзецьмі склалі цыкл апавяданняў аб Круглым пад назвай “Мая малая радзіма”. Бацькам давалі хатнія заданні: прыдумаць і намаляваць герб сваёй сям’і, скласці верш (сінквейн) да слова “сям’я”. У групе былі створаны выстаўкі работ сумеснай творчасці “Герб маёй сям’і”, “Прырода роднага краю” і інш.

Такім чынам, выхаванне любові да Радзімы — складаны, доўгачасовы працэс, які павінен ажыццяўляцца ненадакучліва і пастаянна. Падобна любому іншаму пачуццю, патрыятызм здабываецца самастойна і перажываецца індывідуальна. Ён звязаны з асабістай духоўнасцю чалавека, яе глыбінёй. Таму, не будучы патрыётам, сам педагог не можа абудзіць пачуццё любові да Радзімы. Менавіта абудзіць, а не навязаць, бо ў аснове патрыятызму ляжыць духоўнае самавызначэнне.


Кацярына КУРНОСАВА,
выхавальнік ясляў-сада № 7 Круглага Магілёўскай вобласці.