×

Кітайскі дзень у школе

21.05.2019 11:43,

Дзень кітайскай мовы правялі ў сярэдняй школе № 21 Магілёва. Мерапрыемства было арганізавана дзеля далучэння навучэнцаў да вывучэння адной з самых старажытных моў у свеце.

— Вывучэнне кітайскай мовы карысна для разумовага развіцця дзяцей. Для яе засваення трэба навучыцца маляваць іерогліфы, а таксама асвоіць пяць тонаў гаворкі — адпаведна дзіцяці неабходна развіваць музычны слых. Гэта значыць, кітайская мова — гэта замежная мова, маляванне і музыка. Акрамя таго, іс­нуюць навуковыя даследаванні, якія даказваюць, што кітайская развівае матэматычныя здольнасці дзяцей. Нядзіўна, што яе вывучэнне ў апошні час набірае ўсё большую папулярнасць. У нашай установе таксама плануецца хуткае адкрыццё тэматычнага вучэбнага кабінета. Дзень кітайскай мовы стаў своеасаблівай рэпетыцыяй да гэтай падзеі. Мы, педагогі, паглядзелі, як праз заняткі ў гульнявой форме зацікавіць дзяцей кітайскай мовай. Самым займальным для хлопчыкаў і дзяўчынак стала складанне мазаікі са 100 кубікаў Рубіка ў выглядзе кітайскага іерогліфа 爱 (“ай” — каханне). Многія навучэнцы наведваюць наш гурток “Кубік Рубіка і куб-арт”. Гурток з’яўляецца STEAM-праектам і аб’ядноўвае навукова-тэхнічнае развіццё дзяцей і мастацтва, таму вучні без цяжкасцей справіліся з прапанаваным заданнем, — расказаў ідэйны арганізатар мерапрыемства кіраўнік гуртка “Кубік Рубіка і куб-арт” А.А.Музараў.

Акрамя стварэння карціны “Куб-арт”, на працягу цэлага суботняга дня вучні школы вучыліся есці палачкамі, пісалі кітайскія іерогліфы, збіралі каляндарны кубік Рубіка і кубік-судоку на кітайскай мове.

— На кітайскім каляндарным кубіку Рубіка на верхнім баку можна сабраць назву тыдня, дня месяца і дзень кожнага тыдня ў годзе кітайскімі іерогліфамі. На кітайскім кубіку-судоку на кожным з шасці бакоў намаляваны іерогліфы лічбаў ад 1 да 9, і трэба сабраць кубік, каб лічбы склаліся па парадку. Такія кубікі вырабляюцца з дапамогай раздруковак, якія наклейваюцца на звычайны кубік Рубіка. Гэта інавацыйны метад вывучэння дзён тыдня, месяцаў і лічбаў да 31 на кітайскай мове. Пасля гэтага дзеці запамінаюць іерогліфы надзейна на ўсё жыццё, — расказаў А.А.Музараў.

Падчас кітайскага дня пабывалі ў навучэнцаў і госці. Супрацоўнік Цэнтра кітайскай мовы і культуры пры МДУ імя А.А.Куляшова С.Ю.Рыжкоў і студэнт універсітэта Сун Сянхай прадэманстравалі дзецям традыцыйную кітайскую каліграфію. Усе вучні атрымалі асабістае пажаданне ў выглядзе іерогліфаў. Таксама госці прэзентавалі педагогам і навучэнцам школы плакат з кітайскім аналагам выразу “Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!”.

У наступным годзе ў сярэдняй школе № 21 плануецца адкрыццё кабінета кітайскай мовы. Тэматычнае пазаўрочнае мерапрыемства стала пілотным праектам па далучэнні вучняў да культуры і мовы Кітая.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Андрэя МУЗАРАВА.