×

Клімаўшчына — тэрыторыя здароўя

28.10.2019 15:46,

З мэтай захавання здароўя вучняў і фарміравання патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця як найважнейшай задачы ўстаноў адукацыі ў раёне праходзіць акцыя “Клімаўшчына — тэрыторыя здароўя”, актыўны ўдзел у якой прымаюць навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 4 Клімавіч.

У нашай школе многае робіцца для таго, каб дзеці выразна ўсведамлялі: здароўе — гэта галоўная каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека, а яго якасць залежыць толькі ад іх саміх. І вынік ёсць: вучні з задавальненнем прыходзяць у спартзалу, актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

А ў дні правядзення акцыі школа ператварылася ў сапраўдны цэнтр здароўя. Старшакласнікам яшчэ раз нагадалі пра наступствы курэння, алкагалізму і наркаманіі. Навучэнцы сярэдняга звяна паўдзельнічалі ў спартландыі “Хутчэй, вышэй, мацней”. Навучэнцы ж пачатковых класаў прынялі ўдзел у конкурсах, гульнях, віктарынах аб правільным харчаванні.

Так, у 4 “Б” класе было праведзена свята здароўя “Сакрэты здаровага харчавання”. Дзеці чыталі вершы аб правільным харчаванні, інсцэніравалі верш С.Міхалкова “Пра дзяўчынку, якая дрэнна ела”, адгадвалі загадкі пра садавіну і гародніну. З рубрыкі “Гэта цікава!” дзеці даведаліся, што слова “вітамін” прыдумаў і ўвёў у выкарыстанне ў 1911—1912 гг. польскі навуковец-біяхімік Казімір Функ.

Падчас гульні “Што руйнуе здароўе, што ўмацоўвае?” дзеці размяркоўвалі карткі з прапанаванымі прадуктамі на карысныя і некарысныя. І ў завяршэнні сумеснымі намаганнямі былі складзены залатыя правілы харчавання: ужываць разнастайныя і карысныя прадукты, не пераядаць, есці ў адзін і той жа час; старанна перажоўваць ежу і іншыя.

Здаровым можа быць кожны з нас — трэба толькі вельмі захацець. Клапаціцца пра сваё здароўе трэба пачынаць з дзяцінства.


Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.