×

Крок да якаснай адукацыі

23.11.2019 14:39,

Новая вытворчая лабараторыя адкрылася ў Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжы.

Як паведаміў дырэктар установы Л.В.Віктосенка, адкрыццё і аснашчэнне лабараторыі ажыццявілі за кошт уласных і бюджэтных сродкаў.
 

— Спецыяльнасць “Лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. Прадавец” вельмі запатрабаваная ў сельскай гаспадарцы. Сёння гэтую прафесію ў каледжы атрымліваюць 25 маладых людзей. Мы разумеем, што даць ім якасную падрыхтоўку, грунтуючыся толькі на тэорыі, немагчыма. Таму і вырашылі адкрыць адпаведную лабараторыю. Цяпер у нас актыўна развіваецца пазабюджэтная дзейнасць. За кошт пазабюджэтных сродкаў у асноўным і ажыццявілі аснашчэнне лабараторыі неабходным абсталяваннем, — адзначыў Л.В.Віктосенка.

Адкрыццё лабараторыі прайшло ўрачыста. Навучэнцаў і педагогаў павіншавалі ганаровыя госці, сярод якіх старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Д.Л.Пімашэнка. Падчас свята не раз было падкрэслена: новая лабараторыя — крок да больш якаснай адукацыі, бо яна дасць магчымасць рыхтаваць кампетэнтных, высокапрафесійных спецыялістаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.