×

Кругляншчына — часцінка душы маёй

23.04.2019 11:34,

У Круглянскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” арганізавалі і правялі раённы этнаграфічна-фальклорны фестываль “Тутэйшыя”. У ім прынялі ўдзел усе ўстановы адукацыі Круглянскага раёна.

Этнаграфічна-фальклорны фестываль прысвечаны Году малой ра­дзімы і  накіраваны на адраджэнне і захаванне народных традыцый у арганізацыі і правядзенні мясцовых свят і абрадаў. Актуальнасць фестывалю абумоўлена тым, што ў сучасных умовах незвычайна ўзрасла неабходнасць звароту да духоўнай спадчыны нашага народа, тых багаццяў беларускай культуры, вывучаць якія — першая задача ў маральным і патрыятычным выхаванні маладога пакалення.

У праграме нашага фестывалю былі тры конкурсы: сцэнічная праграма “Як на нашай на старонцы”, дзе ўдзельнікі прадстаўлялі фрагмент каляндарнага народнага свята, якое ўключае ў сябе народныя абрады, звычаі, тэатральныя інсцэ­ніроўкі, песні, танцы, гульні, пры­пеўкі,  прыказкі, прымаўкі, загадкі; конкурс народнай кухні “Рэцэпты маёй пра­прабабулі”, тэма: “Хлеб на стол, дык і стол — прастол”. Калектывы прадстаўлялі мучныя вырабы народнай кухні як сямейнага, так і каляндарнага цыкла (абрадавыя, рытуальныя, святочныя і г.д.); народнай песні “Вытокі”, форма прадстаўлення — народная песня каляндарна-абрадавага цыкла. Гэты конкурс прадугледжваў прадстаўленне ансамблямі, сольнымі выканаўцамі, дуэтамі народнай песні. У рэпертуары пажадана было прадставіць фальклор сваёй мясцовасці.

Усе ўдзельнікі фестывалю імкнуліся здзівіць строгае журы арыгінальнасцю і непаўторнасцю, самабытнасцю. І гэта атрымалася вельмі добра: “Гуканне вясны”, “Хрэсьбіны”, “Сватанне”, “Наваселле”, “Масленіца”, “Вялікдзень” — кожны абрад дапамагаў усім на імгненне перанесціся ў далёкае мінулае. Кожнае выступленне на сцэне прысутныя сустракалі бурнымі апладысментамі.

Журы было нялёгка выбраць лепшых, бо ўсе ўдзельнікі пастараліся на славу. Але і сярод лепшых ёсць лепшыя. Першае месца з праграмай “Вялікдзень” заняў калектыў Кручанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Другое месца з праграмай “Сватанне” — Рубежскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Трэцяе месца з праграмай “Хрэсьбіны” — Цяцерынскі дзіцячы сад — сярэдняя школа.

Фестываль з гонарам выканаў свае асноўныя задачы — развіццё і падтрымка цікавасці навучэнцаў да культуры і гісторыі роднага краю; захаванне і аднаўленне звычаяў, выяўленне і падтрымка адораных і таленавітых дзяцей. Фестываль прайшоў у атмасферы творчасці і таленту, ён стаў унікальнай падзеяй для навучэнцаў.

“Каб ісці наперад, часцей азірайцеся назад, бо інакш забудзеце, адкуль вы выйшлі і куды вам трэба ісці”, — такімі словамі завяршыла фестываль дырэктар цэнтра “Вясёлка” Таццяна Леанідаўна Трэбушэўская.

Таццяна КУБЕКА,
педагог-арганізатар Круглянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”.