×

Купалле ў дзіцячым садзе

11.07.2019 12:20,

Беларускія народныя гульні, песні, загадкі, карагоды і сюрпрызныя моманты — далёка не поўны пералік зместу свята “Гульнявы падворак”, якое адбылося ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8  Магілева ў рамках святкавання дня Івана Купалы.

Каларыт і самабытнасць святу надавалі рознакаляровыя вянкі, народныя касцюмы, беларускія народныя спевы і танцы. Нашы выхаванцы сталі ўдзельнікамі казачнай неверагоднай прыгоды, ключавым момантам якой быў пошук папараць-кветкі.

Удзельнікаў свята таксама чакала сустрэча з прыгажуняй — Купалінкай. Дзеці пазнаёміліся са старажытнымі традыцыямі беларускага народа, якія існуюць і ў сучасным свеце, даведаліся шмат цікавага аб лекавых раслінах і навучыліся скакаць праз імправізаванае “вогнішча”. Яскравыя ўражанні ад свята выхаванцы перадавалі ў сваіх малюнках.

 Народныя святы — частка беларускай гісторыі, з чым дзяцей трэба знаёміць з самага ранняга ўзросту. Сапраўднае багацце народа — яго традыцыі. Наша задача — зберагчы іх і перадаць нашчадкам.

Ірына ЗАГОРСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.