×

Купалле ў дзіцячым садзе № 4

11.07.2019 12:28,

У пачатку ліпеня ў яслях-садзе № 4 г. п. Глуск прайшло фальклорнае свята Купалле, мэтай якога стала пашырэнне і замацаванне ўяўленняў дзяцей аб народных беларускіх святах, далучэнне да народных гульняў, песень, карагодаў, развіццё спрыту, шпаркасці, увагі.

Іван Купала — старажытнае свята падзякі сонца, сталасці лета і зялёнага пакосу. Дзень летняга сонцастаяння — галоўнае свята славян, час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды. Лічылася, што, выканаўшы сваю місію, бог Ярыла ў гэты час памірае і адраджаецца ў выглядзе Купалы — бога лета, рознакаляровых кветак і спелых пладоў.

Дзеці сярэдніх  і старшых груп вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні, удзельнічалі ў конкурсах, апраналі на галаву вянкі з кветак, скакалі праз вогнішча. Спартыўныя эстафеты прынеслі радасць і весялосць.

Але самы галоўны цуд гэтага свята — папараць-кветка. Паводле легенды, яна квітнее ўсяго адну ноч у годзе — у ноч на Івана Купала. Каму пашчасціць знайсці папараць-кветку, таго чакае шчасце і багацце. Кікімара спрабавала перашкодзіць дзецям, але ўсмешкі і жаданне знайсці кветку зрабілі яе добрай.

Шмат новага і пазнавальнага даведаліся выхаванцы аб традыцыях свайго народа дзякуючы находлівасці і майстэрству музычнага кіраўніка Наталлі Коўзан і кіраўніка фізічнага выхавання Алены Фамічовай.

Н.ЛУБКОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 4 г. п. Глуск.