×

Кузня сельскагаспадарчых кадраў

06.06.2019 12:00,

Своеасаблівая кузня кадраў для сельгаспрадпрыемстваў з усёй Магілёўскай вобласці — такая характарыстыка найлепш адпавядае Крычаўскаму прафесійнаму агратэхнічнаму каледжу. На працягу ўжо 130 гадоў тут рыхтуюць спецыялістаў для народнай гаспадаркі, выдатна забяспечваюць аграпрамысловы комплекс рэгіёна кваліфікаванымі кадрамі.

Гэтая ўстанова адукацыі адкрылася ў 1888 годзе. Ужо тады тут былі створаны ўсе ўмовы для правядзення якаснага вучэбнага працэсу. Сучасны каледж — цэлы комплекс з вучэбнымі карпусамі і лабараторыямі, добраўпарадкаванай тэрыторыяй, добра ўкамплектаванай вытворчай базай, філіялам у суседнім райцэнтры Слаўгарад.

— Усё гэта значна ўплывае на якасць падрыхтоўкі нашых кадраў. Такая база — вынік плённай працы ўсяго калектыву каледжа. Кожны наш педагог выразна разумее, што на яго ўскладзена вялікая адказнасць за навучанне і выхаванне маладога пакалення. Таму мы пастаянна працуем на дынамічнае матэрыяльна-тэхнічнае і вучэбна-метадычнае развіццё нашай установы. Асаблівы ўпор зараз робім на ўкараненне ў адукацыйны працэс інфармацыйных тэхналогій. У нас створаны аўтарскія інфармацыйныя рэсурсы, электронныя сродкі навучання па розных вучэбных прадметах і дысцыплінах. Сёлета плануем арганізацыю лакальнай вылічальнай сеткі “Сістэма кантролю і кіравання”, — адзначыў дырэктар каледжа Б.Я.Белянкоў.

У момант свайго ўзнікнення каледж спецыялізаваўся на падрыхтоўцы кадраў непасрэдна для сельскай гаспадаркі. Зараз тут пашырылі профіль і, акрамя аграрнікаў, рыхтуюць яшчэ рабочых і спецыялістаў для будаўнічай сферы. Ва ўстанове пастаянна манітораць рынак працы, абнаўляюць пералік спецыяльнасцей. Навучанне зараз можна прайсці як на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, так і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай. А можна адразу атрымаць прафесію і павысіць сваю адукацыю на другой ступені, на ўзроўні ССА.

Сёння ў каледжы можна атрымаць спецыяльнасць трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, аператара жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, вадзіцеля аўтамабіля ці пагрузчыка, муляра, бетоншчыка, электрагазазваршчыка, абліцоў­шчыка-плітачніка, маляра, тынкоўшчыка. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў сярэдняга звяна па кваліфікацыях “тэхнік-механік” і “тэхнік-будаўнік” па дзённай і завочнай формах навучання. З 2016 года тут можна навучыцца прафесійнаму фермерству.

На працягу апошніх 5 гадоў кантрольныя лічбы прыёму на навучанне выконваюцца ў каледжы ў поўным аб’ёме, а ўсе выпускнікі стабільна забяспечваюцца першым працоўным месцам. Усяго за гады існавання ва ўстанове падрыхтавалі звыш 32 тысяч выпускнікоў і ніколі ў работадаўцаў не ўзнікала пытанняў наконт якасці іх прафесійных ведаў і навыкаў. Сярод выпускнікоў — героі Сацыялістычнай Працы, ордэнаў Леніна, Працоўнай Славы, Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”.

На якасць кадраў, якіх рыхтуе каледж, па словах дырэктара, шмат у чым уздзейнічае добра развітая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, наяўнасць разнастайнага вучэбнага абсталявання, лабараторый.

— Аснашчанасць каледжа ўсім неабходным для якаснага вучэбнага працэсу — першачарговая задача. Матэрыяльная база ўстановы пастаянна абнаўляецца, у большасці сваёй за кошт пазабюджэтных сродкаў. Мы маем добры машынна-трактарны парк і сваю вучэбную гаспадарку. Выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы стараемся па максімуме. Па вытворчых і эканамічных паказчыках наша вучэбная гаспадарка займае дастойнае месца сярод устаноў ПТА вобласці. За мінулы год прыбытак ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі склаў звыш 107 тысяч рублёў. Вельмі значна, што ў сельскагаспадарчых работах актыўна задзейнічаны нашы навучэнцы. Для іх — гэта своеасаблівая дадатковая практыка ў атрыманні прафесіі, — заўважыў Б.Я.Белянкоў.

Каб выконваць работу добра, патрэбен калектыў аднадумцаў. У Крычаўскім агратэхнічным каледжы такі ёсць. 71 педагагічны работнік установы — гэта сплаў вопытных і маладых спецыялістаў. Гэта калектыў прафесіяналаў, у якім кожны разумее, што на яго ўскладзена адказнасць за навучанне і выхаванне маладога пакалення. Самааддача педагогаў у рабоце прыносіць адпаведныя вынікі. Аб гэтым сведчаць шматлікія ганаровыя граматы і дыпломы рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсаў і спаборніцтваў.

Надоечы Крычаўскі прафесійны агратэхнічны каледж адсвяткаваў 130-годдзе. Да гэтай падзеі ва ўстанове адукацыі прымеркавалі творчую справаздачу. Гасцямі каледжа сталі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама У.У.Рыжкоў, галоўны спецыяліст упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.В.Бармоціна, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскі, дырэктары ўстаноў прафесійнай адукацыі вобласці, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, кіраўнікі аграпрамысловых арганізацый і прадпрыемстваў. Падчас урачыстага мерапрыемства педагагічныя работнікі былі адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, роднай навучальнай установы. Такім чынам, практычна ніхто з педагогаў не пакінуў урачыстасць без заслужаных узнагарод. Праца кожнага была заўважана і ацэнена, а зна­чыць, ёсць стымул імкнуцца да большага.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена ўстановай адукацыі.