×

Лепш адзін раз убачыць

08.07.2019 12:37,

Лета — дзівосная пара. Колькі радасці, шчасця, весялосці! Новыя экскурсіі, адкрыцці, знаёмствы. Гэта час, калі можна адпачыць, убачыць выдатныя мясціны нашай Радзімы, даведацца шмат новага, успомніць вывучанае.

4 ліпеня навучэнцы Ціманаўскай сярэдняй школы адправіліся на экскурсію ў Магілёў. Наведалі абласны цэнтр бяспекі, дзе атрымалі практычныя веды і навыкі бяспечных паводзін. Дзеці з захапленнем удзельнічалі ў тэсціраванні, шукалі з дапамогай планшэта з праграмай дапоўненай рэальнасці небяспеку ў доме, вучыліся правільна знаходзіць рашэнне ў розных жыццёвых сітуацыях.

У інтэрактыўнай гульні кожны паспрабаваў ліквідаваць пажар з дапамогай вогнетушыцеля і змог убачыць вынікі. Незабыўным застанецца наведванне задымленага пакоя. Дзве каманды навучэнцаў змаглі прымяніць веды, атрыманыя на ўроках АБЖ, прайшлі складаны лабірынт і досыць хутка знайшлі выхад.

Ахвотныя паспрабавалі выратаваць чалавека з вадаёма па лёдзе, прайсці балота, схавацца ад навальніцы. Выдатна, што супрацоўнік цэнтра адзначыла глыбокія веды нашых навучэнцаў. Вось толькі радыяцыйную і ядзерную экспазіцыю нашы хлопчыкі і дзяўчынкі суадносяць з трагедыяй на ЧАЭС. Таму асаблівая ўвага была ўдзелена мірнаму атаму.

Хутка праляцелі амаль дзве гадзіны экскурсіі, але ў памяці яны застануцца надоўга. Бо нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Тамара НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.