×

Лепшы студэнт вызначаны

19.11.2019 11:52,

Лепшыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі Магілёўскай вобласці спаборнічалі надоечы за званне “Студэнт года”.

Абласны этап штогадовага рэспубліканскага конкурсу аб’яднаў маладых лю­дзей з усіх рэгіянальных УВА. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці. Так, прадстаўніца Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Ульяна Рудакова з’яўляецца стыпендыяткай Савета ўніверсітэта, удзельніцай навуковых канферэнцый і алімпіяд. У студэнткі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Марыі Мельнікавай не меншая колькасць дасягненняў. Яна — пераможца конкурсу “Міс універсітэт — 2019”, міжнароднага конкурсу творчых работ па эканамічных дысцыплінах і пытаннях кіравання. Студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Яўген Фамічоў, акрамя паспяховай вучобы, актыўна займаецца творчай дзейнасцю і спортам.

Вельмі рознабаковыя асобы і прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Кірыл Шкурко і Настасся Страмужэўская. Кірыл — прафесійны шахматыст, старшыня Савета студэнцкага самакіравання, выдатнік вучобы. А Настасся сур’ёзна займаецца вакалам, спявае ў складзе групы “Дзверы Зачыняюцца”.

 Гонар Магілёўскага інстытута МУС на конкурсе абараняла курсант Іна Клечан. Дзяўчына — камандзір жаночага аддзялення, сяржант міліцыі. Яна — удзельніца шматлікіх навуковых канферэнцый, конкурсаў прамоўніцкага майстэрства і вакальнага мастацтва.

Для перамогі маладым людзям неабходна было справіцца са шматлікімі іспытамі. Арганізатары падбіралі іх такім чынам, каб ацаніць усе якасці і ўменні ўдзельнікаў. Канкурсанты выступалі на сцэне з самапрэзентацыяй “Будзем знаёмы”, якая адлюстроўвала іх дасягненні ў вучобе, творчасці, навуцы, спорце, грамадскай, даследчай дзейнасці. Акрамя таго, студэнты дэманстравалі свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, крэатыўна прадстаўлялі сваю прафесію, расказвалі пра малую радзіму. 

Удзельнікі прадстаўлялі сябе творча і арыгінальна на ўсіх конкурсных заданнях. Кампетэнтнаму журы прыйшлося доўга раіцца, перш чым выбраць пераможцаў. У выніку, трэцяга месца ўдастоіўся студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Кірыл Шкурко. Уладальнікам дыплома ІІ ступені стала прадстаўніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Марыя Мельнікава. Перамогу ж, а таксама ганаровае званне “Студэнт года”, заваявала курсант Магілёўскага дзяржаўнага інстытута МУС Іна Клечан. “Студэнтам года ONLINE”, па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў, быў прызнаны прадстаўнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Яўген Фамічоў.

Рэспубліканскі конкурс “Студэнт года” накіраваны на падтрымку творчага патэнцыялу і сацыяльна значнай дзейнасці студэнцкай моладзі, выяўленне лідараў у студэнцкім асяроддзі, развіццё эфектыўных форм удзелу моладзі ў грамадскім жыцці, павышэнне прэстыжу ведаў і папулярызацыю прафесіі. Арганізатарам мерапрыемства выступае ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота партала mogilevnews.by.