×

Лепшыя знаўцы АБЖ

14.03.2020 13:00,

Магілёўскія школьнікі добра ведаюць асновы бяспекі жыццядзейнасці. Больш за тое, яны ўмеюць прымяняць гэтыя веды ў жыцці, добра валодаюць навыкамі, неабходнымі для пазбягання небяспекі. Гэта пацвердзіў і абласны конкурс “Школа бяспекі — 2020”.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы на веданне АБЖ праводзіліся сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Арганізатарамі конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласное ўпраўленне МНС.

— Праблема гарантавання бяспекі жыццядзейнасці дзяцей актуальная заўсёды. Ад усіх жыццёвых цяжкасцей дзіця не абароніш, таму такой важнай становіцца работа па папярэджанні магчымых трагедый. Пазбегнуць небяспекі або ­здзейсніць правільныя дзеянні пры яе ўзнікненні кожнаму дзіцяці дапаможа веданне АБЖ. Супрацоўнікамі МНС сумесна з педагогамі рэгулярна праводзяцца разнастайныя навучальныя мерапрыемствы ў гэтым кірунку. Для дзяцей такія конкурсы, як “Школа бяспекі” — магчымасць умацаваць свае веды, таму мы заўсёды імкнёмся далучыць да ўдзелу максімальную колькасць школьнікаў. Выдатныя выступленні канкурсантаў —  лепшае пацвярджэнне таго, што яны насамрэч ведаюць, як правільна сябе паво­дзіць падчас надзвычайных сітуацый, — адзначыў першы намеснік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС А.М.Гайсёнак.

Каб выявіць лепшага знаўцу АБЖ, удзельнікам, якія з’яўляюцца пераможцамі раённых этапаў конкурсу, было прапанавана выка­наць яшчэ два заданні. Першае з іх — тэсціраванне. Школьнікам трэба было адказаць на шматлікія пытанні, якія тычыліся пажарнай бяспекі, правіл дарожнага руху, асноў медыцынскіх ведаў. Па выніках гэтага задання была вызначана шасцёрка фіналістаў у трох узроставых групах: 1—4, 5—8, 9—11 класы.

Фіналістаў чакала яшчэ адна праверка на эрудыцыю і кемлівасць. Падчас другога задання — інтэлектуальнай віктарыны — навучэнцы знаходзілі правільныя адказы на пытанні з розных тэматычных блокаў. Набраная падчас гульні колькасць балаў і стала вырашальнай.

Сярод малодшых школьнікаў лепш за ўсіх праявіла сябе вучаніца пачатковай школы Чэрыкава Ганна Маршалка. У сярэдняй узроставай катэгорыі не было роўных вучню сярэдняй школы № 40 Магілёва Уладзіславу Мікалаеву. А сярод старшакласнікаў першае месца заняла вучаніца Кручанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна Марына Прыльская. Усім прызёрам былі ўручаны ганаровыя дыпломы, а таксама каштоўныя падарункі ад арганізатараў і спонсараў мерапрыемства.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.