×

Лета за працай

06.08.2019 11:47,

Многія магілёўскія падлеткі ўлетку жадаюць не толькі адпачыць, але і папрацаваць, атрымаць першыя ўласныя грошы. Таму падчас летніх канікул у вобласці асаблівая ўвага ўдзяляецца працоўнай занятасці навучэнцаў.

— Сёлета працоўнай дзейнасцю па дагаворах з упраўленнямі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гар(рай)выканкамаў ахоплена каля дзвюх тысяч чалавек. У працоўных атрадах старшакласнікаў, вучнёўскіх вытворчых і сельскагаспадарчых брыгадах могуць праявіць свае працоўныя навыкі каля 20 тысяч, а індывідуальна працаўладкаваліся звыш дзвюх тысяч падлеткаў. Больш за 900 маладых людзей працуюць у студэнцкіх атрадах, — паведаміла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.В.Клімянкова.

Вучні, матываваныя на працу, задзейнічаны ў розных сферах. Так, у Касцюковіцкім раёне са жніўня пачалі работу тры студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады. Трыццаць хлопцаў і дзяўчат на працягу двух тыдняў будуць актыўна дапамагаць мясцовым калгасам.

Праца навучэнцаў арганізавана згодна з заканадаўствам. Усе яны атрымалі медыцынскія даведкі аб допуску да адпаведных відаў дзейнасці. З маладымі людзьмі заключылі афіцыйныя працоўныя дагаворы. Пасля яны прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі, атрымалі спецвопратку і неабходныя сродкі абароны. Моладзь будзе задзейнічана на ўборачнай кампаніі.

Наогул, касцюковіцкія навучэнцы любяць працаваць. Як заўважыла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Я.І.Салаўёва, летам індывідуальна, а таксама ў вучнёўскіх швейных і рамонтных брыгадах працавалі 150 маладых людзей. 165 хлопцаў і дзяўчат наведвалі летнікі працы і адпачынку. Яшчэ 60 навучэнцаў з ахвотай працавалі ў школьных лясніцтвах.

Мясцовыя школьнікі не толькі працавітыя, але і вельмі спагадлівыя і міласэрныя. Навучэнцы заўсёды гатовы аказаць бязвыплатную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна дзейнічаюць валанцёрскія атрады. Сотні вучняў разам са сваімі педагогамі здзяйсняюць добрыя справы на працягу ўсяго навучальнага года. Не спыняецца іх дзейнасць і ў летні перыяд. Зараз школьнікі актыўна аказваюць пасільную дапамогу ветэранам вайны, працы і адзінока пражываючым пажылым людзям.

— Часовая летняя занятасць — гэта не толькі магчымасць зарабіць першыя грошы. Для маладых людзей гэта яшчэ і своеасаблівы спосаб у рэальнасці азнаёміцца з працоўнымі буднямі, з якімі яны сутыкнуцца ў будучыні. Таму мы імкнёмся да таго, каб кожны навучэнец мог займацца грамадска карыснай справай. З гэтай мэтай аддзелам па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама распрацавана рэгіянальная міжведамасная праграма арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей і падлеткаў у летні перыяд. Справа па інтарэсах знойдзецца для ўсіх, было б жаданне працаваць і з карысцю праводзіць летні час, — адзначыла Я.І.Салаўёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам па адукацыі, спорце і турызме Касцюковіцкага райвыканкама.