×

Летнія ўрокі бяспекі

28.06.2019 16:13,

Летам вялікую частку часу дзеці праводзяць на свежым паветры. Каб адпачынак пакінуў прыемныя ўражанні і ўспаміны, а непрыемнасці не азмрочылі тры летнія месяцы, выхавальнікі прышкольнага аздараўленчага лагера “Сонейка” сярэдняй школы № 4 Клімавічаў вырашылі нагадаць дзецям пра тое, як трэба сябе паводзіць, каб быць у бяспецы, і правялі ў лагеры Дзень бяспекі.

Выхавальніцы Марына Іванаўна Ісачанка і Ірына Мікалаеўна Зяньковіч прапанавалі дзецям прайсці тэсціраванне і адказаць на пытанні па электрабяспецы, бо вакол нас столькі прыбораў, якія не памочнікі, але і крыніцы бед. Далей, за праглядам дарожных сітуацый з мультфільмаў і кінафільмаў, навучэнцы ўспомнілі правілы дарожнага руху, а таксама патрэніраваліся аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым пры ДТЗ.

Марына Іванаўна прапанавала дзецям згуляць у гульню “Прычыны — наступствы”, дзе ўдзельнікі павінны былі суаднесці прычыну і наступствы небяспечных сітуацый у жыллі: свавольствы з агнём, выбуховымі прыладамі, атрутнымі рэчывамі; узгаранне, пажар; атручванне газам і іншыя сітуацыі. А з Ірынай Мікалаеўнай хлапчукі і дзяўчынкі патрэніраваліся ў вызначэнні атрутных і бяспечных раслін, ягад і пладоў і згулялі ў гульню “Ядомае і неядомае”.

Акрамя таго, на працягу дня дзеці разам з выхавальніцамі паўтарылі правілы паводзін паблізу вадаёмаў і на вадзе, паблізу чыгуначнага палатна, пры наведванні лясоў, падчас навальніцы, на гульнявых пляцоўках і іншых месцах, якія могуць утойваць небяспеку, а ў гэтым ім дапамаглі настольныя гульні па АБЖ “Каманда ратавальнікаў” і “Урокі бяспекі”.

У канцы дня, падводзячы вынікі, высветлілі, што бяспечней за ўсё гэты дзень правяла вучаніца 2 “Б” класа Валерыя Лазоўская.

Выконваючы няхітрыя правілы бяспекі, дзеці з карысцю правядуць час, а сонца, паветра і вада стануць для іх найлепшымі сябрамі.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.